Чым улады кампенсуюць адмену льготаў, пакуль невядома

Законапраект “Аб сацыяльных ільготах” ужо звярстаны і ляжыць на стале чыноўнікаў з профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў. Мяркуецца, што ў маі ён будзе разгледжаны. А пакуль яшчэ дэпутаты працягваюць змагацца за захаванне хоць некаторых ільготаў. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыяльнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльных пытаннях Анатоль Новікаў запэўніў беларусаў, што скарачэнне льготаў не закране ветэранаў вайны. Таксама дэпутаты выступаюць супраць адмены льготаў на праезд у грамадскім транспарце для студэнтаў і школьнікаў.

Дэпутат Ларыса Вершаловіч выказала сваё меркаванне па праблеме:

“Я выступала з прапановай, каб пакінулі бясплатныя медыцынскія прэпараты дзецям ва ўзросце да трох гадоў – так, як ёсць сёння. Для мяне гэта важна. Таму што гэта дзеці, гэта будучыня. Патрэбна своечасова атрымаць лячэнне, калі ў бацькоў можа не апынуцца грошай. Ці хаця б дазволіць выпісваць дзецям бясплатныя лекі ў экстраных выпадках. Я спадзяюся, што гэтае пытанне будзе ўлічанае”.

З такой прапановай не зусім пагаджаецца дэпутат Святлана Гіль:

“Калі адменяць ільготы, усё роўна знойдзецца катэгорыя тых людзей, якія адчуваюць вострую грашовую патрэбу ў залежнасці ад свайго фінансавага становішча, у адносінах да якіх дзяржава будзе прымаць меры па падтрымцы.

Мая прапанова была наступнай: перш чым адмяніць, давайце выявім тыя слаі насельніцтва і папярэдзім негатыўныя наступствы, якія выкліча адмена. Напрыклад, мяне вельмі турбуюць сем’і з хворымі дзецьмі, з дзецьмі-інвалідамі. Гэта нават адзінокія ветэраны працы, у якіх мы забіраем практычна ўсе льготы”.

Магчыма, Святлана Вікенцьеўна мае рацыю. Таму што ёсць ветэраны працы, якія яшчэ зарабляюць грошы. Ёсць вайскоўцы ў адстаўцы, якія працуюць, а льготы атрымліваюць.

Дэпутат Вольга Абрамава кажа, што яшчэ ні адна з прапановаў не была прынятая. Аднак падчас паслання прэзідэнта беларускаму народу і парламенту яна ўсё роўна выказала сваю прапанову:

“Я лічу, што гэты законапраект павінен прымацца толькі разам з падрыхтаваным паралельна законапраектам аб адраснай сацыяльнай абароне. Таксама павінна быць дзяржаўная інфармацыйная кампанія з тлумачэннямі, чаму прымаецца гэты законапраект, якое яго прызначэнне. Хаця б для некаторых катэгорыяў павінны быць прапанаваныя кампенсацыі”.

Па некаторых ільготах кампенсацыі гатовыя ўжо зараз. Гаворыць дэпутат Ганна Бурава:

“На днях у першым чытанні мы прынялі праект закона, што дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, будзе павялічаная да 80 адсоткаў пражытковага мінімуму”.

80 адсоткаў – гэта каля 140 тысяч рублёў. І калі, магчыма, сацыяльная дапамога, якая будзе выплачвацца сем’ям пры нараджэнні дзяцей, яшчэ хоць неяк зможа кампенсаваць адмену льготаў на лекі, то што можа замяніць ільготы на праезд для студэнтаў і пенсіянераў? Высокія стыпендыі ды пенсіі? Пакуль аб гэтым можна толькі марыць.

Хутчэй за ўсё, законапраект разгледзяць у першым чытанні ў траўні. Калі яго прымуць, пакуль невядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі