Чыноўнікі загаварылі пра беларускамоўныя школы. Як яны зачыняліся апошнія гады

Мінадукацыі раптам убачыла попыт на навучанне па-беларуску

Мінадукацыі раптам убачыла попыт на навучанне па-беларуску / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі кажуць, што беларусы захацелі вучыцца на беларускай мове. Што здарылася?

Апошнімі гадамі ў Беларусі працягвалі закрывацца беларускамоўныя школы. Але не "праз палітыку". У асноўным гэта былі маленькія сельскія школы, у якіх вучылася так мала дзяцей, што ўтрымліваць іх было проста эканамічна немэтазгодна.

Але кожны раз, як узнікала пытанне аб тым, што беларускамоўных школ недастаткова, Мінадукацыі апелявала да статыстыкі: вунь, маўляў, у краіне амаль палова школ — беларускамоўныя. Што яшчэ вам трэба?

Але ў тых беларускамоўных школах вучыцца толькі 10% усіх школьнікаў. Усё проста: у асноўным беларускамоўныя школы знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, і нярэдка ў такім беларускамоўным класе вучыцца ўсяго некалькі чалавек.

Але вось надоечы пытанне недахопу беларускамоўных школ раптам падняў Дзмітрый Крутой, кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Ён сказаў, што ў краіне раптам з'явіўся попыт на навучанне па-беларуску. І нават узгадаў, як сам да 4 класа вучыўся на беларускай мове, а потым з цяжкасцю прывыкаў да рускамоўнай школы.

Еўрарадыё даведалася пра лёс беларускамоўных школ за апошнія некалькі гадоў.

 

2017 год

Вучні пачатковай школы ў Бабынічах вывучалі ўсе прадметы на беларускай мове, але ў 2017 годзе іх перавялі ў Ветрынскую рускамоўную школу. А бабыніцкая школа стала дзіцячым садам.

Журналісты "Звязды" ездзілі ў школу перад яе закрыццём і так апісвалі свае ўражанні: "На ўваходзе ў школу падымаюць настрой беларускамоўныя надпісы, выразаныя з рознакаляровай паперы: "Шчыра вас вітаем!", "Добрым людзям — добры дзень!”. У калідоры на сценах — партрэты выбітных беларускіх дзеячоў".

Бабыніцкая школа была адзінай у Полацкім раёне, дзе не толькі ўсе прадметы выкладаліся, але і ўся дакументацыя вялася на беларускай мове. Неабходнасць закрыцця школы тады тлумачыў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Ён казаў, што ў школе проста няма каму вучыцца.

Чиновники заговорили о школах на белорусском. Как они закрывались последние годы
Школа ў Бабынічах, Полацкі раён / creative commons

— Калі вырашаем пытанне аб закрыцці школ, глядзім не толькі на колькасць школьнікаў, але і на перспектыву развіцця населенага пункта. Там, дзе сёння не надта шмат школьнікаў, але ёсць вытворчасць і шмат маладых сем'яў, мы нават не падымаем пытанне аб тым, каб нешта закрываць.

 

2021 год

У вёсцы Амелянец Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці таксама закрылі школу, у якой навучанне вялося на беларускай мове. Бітва за права школы на існаванне пачалася яшчэ да 2020 года. Але калі прымалася канчатковае рашэнне аб закрыцці — у 2021-м годзе — гэта выглядала падазрона. Мясцовая адміністрацыя запэўнівала, што прычына закрыцця школы не ў мове.

У будынку школы проста не было нармальных умоў. Не было ні туалета, ні гарачай вады, ні спартзалы. Настаўнікі спрабавалі стварыць петыцыю — маўляў, добраўпарадкуйце школу, а не зачыняйце яе. Але ствараць усе гэтыя ўмовы для 48 вучняў адміністрацыя палічыла эканамічна нявыгаднай задумай.

Дзяцей з Амелянца перавялі ў іншую школу ў суседняй вёсцы за 17 кіламетраў. Там якраз пабудавалі новы будынак. Старшыня Камянецкага райвыканкама Валянцін Зайчук тады казаў, што дзеці толькі рады перавесціся, таму што там нармальныя ўмовы — і ёсць іншыя дзеці.

— Справа тут не ў тым, на якой мове яны будуць размаўляць — на беларускай, на рускай ці на кітайскай. Галоўнае — стасункі дзяцей, галоўнае, каб яны развіваліся, каб яны жылі і вучыліся ў нармальных умовах. Школ беларускамоўных няшмат, але што зрабіць? Доля такая ў гэтай школы, — каментаваў сітуацыю Зайчук.

Афіцыйнага паведамлення аб закрыцці школы нідзе не было. Але тэлефон дырэктара, пазначаны ў кантактах на сайце ўстановы адукацыі, цяпер недаступны. Верагодна, школу ўсё ж такі ліквідавалі.

 

2022 год

У 2021 годзе пачаліся размовы пра тое, што могуць закрыць дзве сярэднія школы ў Ваўкавыскім раёне: Воўпаўскую і Рэплеўскую школы.

Аб ліквідацыі Рэплеўскай школы паведамілі на сайце ўстановы адукацыі. Бацькам тлумачылі, што рабіць і як перавесці дзяцей у іншую школу. Гледзячы па аб'яве, многія дзеці перайшлі ў Вярэйкаўскую сярэднюю школу — з рускай мовай навучання.

Чиновники заговорили о школах на белорусском. Как они закрывались последние годы
Школа ў Рэплі / replia.schools.by

У Воўпе на беларускай мове вучылася каля паўсотні дзяцей з самай Воўпы і суседніх вёсак. Школа паказвала добрыя вынікі — некалькі яе выпускнікоў набралі па 100 балаў на ЦТ. Але ўтрымліваць школу на 50 чалавек было эканамічна немэтазгодна.

Навінаў аб закрыцці школы не з'яўлялася, але летам 2022 года перастаў абнаўляцца школьны інстаграм. Апошнія навіны на афіцыйным сайце школы таксама датаваныя 2022-м годам. Мы спрабавалі датэлефанавацца па тэлефонах, пазначаных на сайце, але яны былі недаступныя.

Верагодна, школа ўсё ж такі ціха закрылася.

* * *

Калі прааналізаваць звесткі са зборніка "Установы агульнай сярэдняй адукацыі", можна заўважыць, як скарачалася колькасць школ з беларускай мовай навучання. Прычым, гэтую тэндэнцыю было відаць і да 2020 года.

Тэлеграм-канал "Злы Мінадук" аналізаваў зборнік, у якім сабраныя звесткі з 2012 па 2018 год.

У 2012 годзе школ з беларускай мовай навучання было больш, чым школ з рускай мовай навучання: 1764 супраць 1660.

Але ўжо праз шэсць гадоў статыстыка была не на карысць беларускай мовы: 1282 школы з беларускай мовай навучання супраць 1527 — з рускай.

Калі Міністэрства адукацыі хоча надаць беларускай мове роўныя правы з рускай, варта пачаць з адкрыцця беларускамоўных школ у гарадах. І замест дзесяці асуджаных на закрыццё такіх школ у вёсцы адкрыць некалькі беларускамоўных у абласных цэнтрах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі