Ці чакаць за зніжэннем золатавалютных рэзерваў новай дэвальвацыі?
Каб не паўтарыўся крызісны 2011 год, вельмі неабходна папоўніць золатавалютныя рэзервы на 4 мільярды долараў, упэўненыя эксперты.
Амаль на 1 мільярд долараў “пахудзелі” золатавалютныя рэзервы Беларусі за тры месяцы. І зараз у яго запасніках тых рэзерваў менш як на 6 мільярдаў долараў. Ці крытычна гэта для беларускай эканомікі і якія наступствы можа мець для шараговых беларусаў, Еўрарадыё цікавіцца ў эканамістаў.
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб папярэджвае — такое змяншэнне золатавалютных рэзерваў вельмі небяспечнае для нашай эканомікі. І прычына ў тым, што траты рэзерву ёсць, а папаўняць яго няма з чаго.
Вадзім Іосуб: “Звязана гэта з тым, што ў сакавіку практычна не было ніякіх папаўненняў золатавалютных рэзерваў: ні продажу дзяржуласнасці, ні нейкіх пазык на знешніх і ўнутраных рынках. Пры гэтым рэзервы традыцыйна траціліся на пагашэнне знешніх пазыкаў і стрымліванні ваганняў на валютным рынку”.
Але кіраўніцтва краіны тым не менш захоўвае спакой і ўпэўненасць, адзначае эксперт. Відаць, спадзяецца на атрыманне абяцаных 2 мільярдаў расійскага крэдыту. Праўда, прыйдзе ён у лепшым выпадку не раней за другую палову лета, але эканоміка здольная да яго дажыць, упэўнены эксперт. Нават калі бліжэйшыя некалькі месяцаў золатавалютныя рэзервы будуць траціць тымі жа тэмпамі — па 500 мільёнаў долараў штомесяц.
Вадзім Іосуб: “Апублікаваны спіс вялікай колькасці прадпрыемстваў, якія, магчыма, будуць прыватызаваныя. Другі варыянт паступлення грошай — продаж нечага з дзяржуласнасці”.
Да ўсяго, дапаўняе калегу эканаміст, кіраўнік кампаніі Sinkevich Technologies Inc Аляксандр Сінкевіч, выратаваць сітуацыю можа ратыфікацыя Беларуссю дамовы аб стварэнні ЕўрАзЭС. Бо сёння нам 2 мільярдаў “расійскіх” долараў не хопіць, каб выправіць сітуацыю — неабходна як мінімум 4 мільярды.
Аляксандр Сінкевіч: “Усё залежыць ад таго, што Расія нам скажа па нафтавых мытах. Ужо гаварылі ў лютым і ў сакавіку, што гэта пытанне практычна вырашана. І нібыта беларусы неўзабаве перастануць пераводзіць у расійскі бюджэт гэтыя мыты. А гэта вельмі істотныя аб’ёмы — да 4 мільярдаў долараў у год”.
Аляксандр Сінкевіч
Тым не менш сёння мы маем самы малы золатавалютны рэзерв ад лістапада крызіснага 2011 года, прызнаецца Нацбанк. Нагадаю, у 2011 годзе курс долара скокнуў адразу з 3 да 9 тысяч рублёў. Ці чакаць паўтарэння?
Паводле слоў Вадзіма Іосуба, у 2011 годзе золатавалютныя рэзервы былі амаль напалову меншыя, чым зараз, як і штомесячныя выплаты на розныя патрэбы. Да ўсяго, дадае Аляксандр Сінкевіч, тры гады таму былі занадта шпаркія тэмпы росту вытворчасці і імклівы рост цэн на энерганосьбіты. Зараз сітуацыя адваротная. Але канчаткова ад паўтору 2011 года мы не застрахаваныя, перасцерагае Леанід Заіка.
Леанід Заіка: “Нацбанк зрабіў усе высновы з крызісу 2011 года, Нацбанк трымае высокую дэпазітную стаўку, прыцягваючы грошы — у Нацбанка іншая палітыка. І калі Нацбанк не раздушаць, калі ён не зможа трымаць удар, то можа здарыцца значна горшае, чым у 2011 годзе”.
Леанід Заіка
Але гэта толькі пагроза, супакойвае Аляксандр Сінкевіч. І адразу перасцерагае ад іншага.
Аляксандр Сінкевіч: “Зараз мы назіраем прамысловую стагнацыю, якая часам пераходзіць у рэцэсію — змяншэнне прамысловай вытворчасці адбылося на 10% за першыя два месяцы. Вось гэта галоўная пагроза. Мы можам патрапіць у сітуацыю тыповых усходнееўрапейскіх краін, калі сапраўды з’явяцца беспрацоўныя на рынку працы”.
Тым не менш ужо сёлета шараговым беларусам давядзецца “зацягнуць пасы”. Летась, прыгадваюць эканамісты, быў вельмі імклівы рост “не заробленых” заробкаў і шмат сацыяльных выплат. Расплачвацца за гэтыя шчодрасці давядзецца сёлета і ў бліжэйшыя некалькі гадоў.
Аляксандр Сінкевіч: “Трэба чакаць і падаражэння долара, бо ў нашых асноўных гандлёвых партнёраў: Расіі, Казахстане, Украіне — адбываецца імклівая дэвальвацыя нацыянальных валют, і мы змушаныя будзем ісці ў тым жа рэчышчы. Адпаведна, будуць раскручвацца цэны і на спажывецкія тавары. Тым больш што пералік сацыяльна значных тавараў з кожным месяцам усё больш скарачаецца — яны пераводзяцца на свабоднае цэнаўтварэнне”.
Што тычыцца курса долара, то Вадзім Іосуб узяўся яго прагназаваць толькі на тэрмін да канца паўгоддзя — на канец чэрвеня долар будзе каштаваць 10250 рублёў. А Аляксандр Сінкевіч мяркуе, што долар у канцы года пацягне больш за 12 тысяч рублёў. Інакш, кажа, нашы вытворцы, якія і так ляжаць з-за немагчымасці прадаць сваю прадукцыю, памруць канчаткова.
Фота: Змітра Лукашука, hvylya.org, з архіва Аляксандра Сінкевіча