Ці паскорыць лукашэнкаўскі ўказ выдачу пашпартоў “Новай Беларусі”?

Валер Кавалеўскі

Валер Кавалеўскі / тэлеграм-канал Аб'яднанага пераходнага кабінета

Скандальны ўказ Аляксандра Лукашэнкі №278 робіць прызнанне пашпартоў “Новай Беларусі” яшчэ больш неабходным. На думку прадстаўніка Пераходнага кабінета Валера Кавалеўскага, такі пашпарт меў бы не толькі практычны сэнс, але і сімвалічны.

— Фактычна ён бы пазбавіў людзей залежнасці ад кансулатаў і амбасадаў рэжыму, што служаць не людзям, а падтрымліваюць уладу Лукашэнкі.

Кавалеўскі заўважае, што Кабінет пачаў займацца тэмай пашпартоў задоўга да таго, як Лукашэнка выдаў свой указ, бо беларусы сведчылі пра праблемы з абменам і атрыманнем новых дакументаў і раней.

— Мы гэтым займаліся і рабілі практычныя дзеянні, бо бачылі, што рэжым ужо робіць пэўныя дзеянні рэпрэсіўнага характару, якія абмяжоўваюць правы беларусаў.

Ці паскорыць лукашэнкаўскі ўказ выдачу пашпартоў “Новай Беларусі”?
Узор пашпарта "Новай Беларусі" / тэлеграм-канал Аб'яднанага пераходнага кабінета

Мы і далей будзем інфармаваць партнёраў пра тое, што рэжым робіць пэўныя дзеянні, каб яшчэ больш ускладніць жыццё беларусаў.

Новы ўказ будзе важным аргументам, каб пераканаць нашых партнёраў у тым, што нам патрэбная іх падтрымка ў прызнанні пашпарта “Новай Беларусі”. Гэта тое, што дазволіць вырашыць і практычныя праблемы, і дашле сігнал Лукашэнку пра тое, што ягоны рэжым з’яўляецца нечым мінулым у вачах міжнароднай супольнасці.

 

Калі рэжым адцісне кватэры ў пратэстоўцаў, ці верне іх новая ўлада?

Ва указе Лукашэнкі ёсць таксама захады дзеля таго, каб перашкодзіць беларусам распараджацца сваёй рухомай і нерухомай маёмасцю, што засталася ў краіне. Для шэрагу дзеянняў — напрыклад, дзеля таго, каб перапісаць кватэру — патрэбна прысутнічаць у краіне асабіста. Ці прад’явіць даверанасць, якая таксама павінна быць складзеная ў Беларусі.

Калі рэжым пойдзе далей і пачне “адціскаць” маёмасць у сваіх апанентаў, ці верне яе новая ўлада? Ці плануе Офіс ужо цяпер, як будзе працаваць механізм кампенсацый?

— У Офісе Святланы Ціханоўскай ужо пэўны час распрацоўваецца палітыка рэабілітацыі людзей, якія сталі ахвярамі рэпрэсій, якія вымушана выехалі за мяжу, страцілі месца на працы ці ва ўніверсітэце, службоўцаў, якіх пазбавілі іхных рангаў і званняў, дзяржаўных класаў.

І гэта ж тычыцца людзей, якія згубілі сваю маёмасць. Безумоўна, такія сітуацыі не будуць заставацца без рэакцыі ў дэмакратычнай Беларусі.

 

Што кажуць еўрапейцы?

Калі мы стэлефанаваліся са спадаром Кавалеўскім, ён знаходзіўся ў Берліне.

— Толькі што ў мяне былі сустрэчы ў Бундэстагу і МЗС Германіі. І гэта першая навіна, якую мы абмяркоўвалі. Бо яна сведчыць пра працяг рэпрэсій з боку лукашэнкаўскага рэжыму нават у бок тых людзей, якія вымушана з’ехалі з Беларусі і жывуць у вольных краінах. Яны дагэтуль адчуваюць пальцы лукашэнкаўскіх людзей на горле. Ён спрабуе іх кантраляваць ці нават зацягваць у Беларусь, каб людзі там сутыкнуліся з праблемамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі