Ці трапіць апазіцыя ў выбарчыя камісіі, а назіральнікі да стала падліку галасоў?

Ці трапіць апазіцыя ў выбарчыя камісіі, а назіральнікі да стала падліку галасоў?

Цэнтрвыбаркам прапануе ўдасканаліць выбарчы працэс, але без зменаў у заканадаўстве. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, каментуючы вынікі пасяджэння міжведамаснай экспертнай працоўнай групы па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якое прайшло 15 сакавіка ў Мінску. На ім было вырашана, што ўносіць любыя змены ў заканадаўства, калі да выбараў засталося менш за год, нельга.

Тым не менш, па словах старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, ЦВК парэкамендуе органам мясцовай улады адкрыта і галосна абіраць склад выбарчых камісій. Прычым, на канкурэнтнай падставе. Але гэта не азначае, што апазіцыянеры і вылучэнцы палітычных партый гарантавана будуць уключацца ў склад камісій.

Ці трапіць апазіцыя ў выбарчыя камісіі, а назіральнікі да стала падліку галасоў?

Гэта зноў жа пытанне палітычнай волі. Бо некага прымусіць і абавязаць абавязкова ўключыць у склад немагчыма. Бо мы ж не ведаем, каго будуць рэкамендаваць?

Лідзія Ярмошына

Па словах Ярмошынай, галоўнае патрабаванне да кандыдатаў у склад камісій — наяўнасць юрыдычнай адукацыі і досвед працы ў выбаркаме. Вось толькі дзе яго ўзяць будучым кандыдатам, калі раней іх у склад камісіі не ўключалі?

“Досвед можа быць у тым, што чалавек быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ці прэзідэнты, браў удзел у працы ініцыятыўных груп — могуць быць самыя розныя формы ўдзелу”, — супакойвае старшыня ЦВК.

Мясцовыя ўлады, якія фарміруюць склад выбарчых камісій, наўпрост ЦВК не падпарадкоўваюцца і нешта загадваць ім Ярмошына не можа. Але пры жаданні дамагчыся ад іх выканання сваіх рэкамендацый ЦВК можа, упэўнены старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак.

“Калі вы хочаце нечага дамагчыся, то вы ж можаце працаваць з тымі органамі, якія ўзначальваюць гэтую сістэму — вертыкаль улады. Я маю на ўвазе Адміністрацыю прэзідэнта, якая можа даць указанні, абавязковыя для выканання. Ці такія рэкамендацыі, якія нельга не паслухаць”, — кажа Алег Гулак.

Яшчэ эксперты, да прыкладу, хочуць дазволіць назіральнікам прысутнічаць не толькі на выбарчых участках, але і на працэдуры “здачы пратаколаў, да прыкладу, у акруговых выбарчых камісіях”. А зрабіць так, каб назіральнікі бачылі працэс падліку галасоў у ЦВК не хочуць? Лідзія Ярмошына кажа, што будзе рэкамендаваць гэта.

Старшыню БХК такі адказ Лідзіі Ярмошынай здзіўляе:

 

Ці трапіць апазіцыя ў выбарчыя камісіі, а назіральнікі да стала падліку галасоў?

“Цэнтрвыбаркам надзелены кампетэнцыяй даваць указанні, якія абавязковыя да выканання тымі, хто ім падпарадкоўваецца. І гэта азначае, што невыкананне “метадычных указанняў” будзе лічыцца парушэннем заканадаўства. Казаць, што гэта толькі рэкамендацыі… Ну, гэта толькі калі ЦВК сам хоча такі статус надаць”.

Алуг Гулак

Такім чынам, пры жаданні ЦВК можа проста загадаць і запатрабаваць ад выбарчых камісій так арганізоўваць працу, каб назіральнікі бачылі ўсё, што ім неабходна.

Прапановы экспертнай групы мусіць зацвердзіць кіраўнік краіны. Потым на іх падставе ЦВК распрацуе метадычку з рэкамендацыямі.

Што да саміх парламенцкіх выбараў, то дату іх мусіць прызначыць кіраўнік краіны. Па словах Лідзіі Ярмошынай, ЦВК прапануе прызначыць іх на 11 верасня. Пазней нельга, а для таго, каб праводзіць іх раней, няма ніякай неабходнасці і перадумоў.

 

 

 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі