Ці трэба рэгуляваць курс долара? Меркаванні кандыдатаў
Еўрарадыё працягвае публікаваць пазіцыі кандыдатаў у прэзідэнты па самых актуальных для краіны пытаннях.
Ці трэба рэгуляваць курсы валют у Беларусі?
Таццяна Караткевіч, сярэднемесячны прыбытак у 2014 годзе — 487 долараў
“Свабодны фінансавы рынак. Дзяржава не павінна ў яго ўмешвацца. Тое, што робіцца, гэта правільна, але недастаткова. Трэба зняць абмежаванні з эканомікі, даць магчымасць нам самім зарабляць, а не час ад часу пазычаць грошы на тое, каб заробкі плаціць і пенсіі. Таму вось так”.
Сяргей Гайдукевіч, сярэднемесячны прыбытак у 2014 годзе — 2136 долараў
“Рэгулятар павінен цяпер будаваць сваю стратэгію на будучыню з улікам ВУП краіны, з улікам знешніх пазыкаў. З усім гэтым самым. Але паступова прывучаць да рынка. Паступова прывучаць да рынка. Як Расія, са сваімі 4,5 мільярдамі долараў не спрабавала зрабіць (уплываць на курс расійскага рубля, — Еўрарадыё), не атрымалася. Як яны ні ўключалі фонды, банкі, як яны ні праводзілі дадатковыя таргі для банкаў з ліку першых 50-ці — нічога не атрымалася. Усё адно прыходзіцца рэагаваць на рынак. Рынак жыве сваім жыццём”.
Мікалай Улаховіч, сярэднемесячны прыбытак у 2014 годзе — 1982 долара
“Не трэба трымаць курс долара. Навошта яго стрымліваць? Гэта ўжо нічога не дасць. Ну навошта так епзпць, што вось мы такія ўжо самасційныя ў сваёй валюце і ўсё іншае. Якія мы самасційныя? Мы залежныя, як і ўвесь свет. У першую чаргу, мы залежым ад нафтадолараў. Што тут ужо хаваць? Як толькі валюта мяняецца ў тым жа Еўрасаюзе, яна пачынае мяняцца ў Расіі, яна будзе мяняцца і ў нас. Мы нікуды ад гэтага не ўцячэм. Практыка паказала і яшчэ не раз пакажа, што мы залежым ад нафтадолараў. Пра гэта трэба гаварыць адкрыта”.
Аляксандр Лукашэнка, сярэднемесячны прыбытак у 2014 годзе — 4483 долара
“Дзякуючы таму, што мы перайшлі на плаваючы курс і ні ў якім выпадку штучна не стрымліваем курс нацыянальнай валюты ў дачыненні да іншых валют, нам усё-такі ўдалося пераканаць насельніцтва, што мы з ім у гульні гуляць не будзем. І гэта правільна, нам трэба прытрымлівацца падобнай пазіцыі... Звычайныя людзі ў нас усё могуць купіць у Беларусі за беларускія рублі”.