Дэпутатка патлумачыла жыхарам Лельчыцаў, чаму выбары прызначылі на студзень
Сход у Лельчыцах
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Святлана Сянько патлумачыла жыхарам Лельчыцаў, чаму прэзідэнцкія выбары прызначылі на студзень. Паводле яе слоў, найперш была ўлічана "станоўчая практыка арганізацыі рэферэндуму 2022 года і адзінага дня галасавання 2024 года". Як вядома, гэтыя мерапрыемствы праходзілі ва ўмовах рэпрэсій у Беларусі.
"Зімовы месяц — гэта самы аптымальны перыяд, калі людзі вольныя, не занятыя ва ўборачнай кампаніі, адукацыйныя ўстановы, дзе будуць размешчаны ўчасткі для галасавання, не задзейнічаны ва ўступных выпрабаваннях, людзі знаходзяцца на работах, а не ў адпачынках", — працягнула тлумачэнне дэпутатка. І дадала, што "прэзідэнцкія выбары папярэднічаюць заканчэнню папярэдняй і пачатку наступнай пяцігодкі".
"Падводзіць вынікі і вызначаць далейшы стратэгічны курс развіцця краіны, асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі павінен зноў абраны кіраўнік дзяржавы", — так скончыла сваю аргументацыю Сянько. Яна заклікала прысутных на сходзе працаўнікоў адной з мясцовых арганізацый "зрабіць правільны выбар". Дэпутатка ўпэўненая, што першага тура будзе дастаткова.
Яшчэ ў кастрычніку дэмакратычныя сілы прынялі заяву пра "бязвыбары" прэзідэнта 2025 года ў Беларусі. Выбары ў атмасферы страху, рэпрэсій не могуць быць справядлівымі, заявіў Еўрапарламент.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.