Тэрор замест рэпрэсій: навошта рэжым працягвае запалохваць вызваленых з турмаў
АМАП на адной з мінскіх вуліц
Па ўсёй Беларусі апошнім часам праходзяць ператрусы і затрыманні, падчас якіх сілавікі паведамляюць людзям, каб яны пра гэтыя факты не расказвалі публічна.
Навошта такую тактыку абралі прадстаўнікі сілавых структур, у эфіры Еўрарадыё расказаў кіраўнік арганізацыі BYSOL Андрэй Стрыжак.
“Гэта частка сістэмы застрашвання. Яны з гэтай самай прычыны цяпер перасталі публікаваць так званыя “пакаяльныя” відэа, каб схаваць маштаб тэрору, які адбываецца.
Яны проста разумеюць, што гэтыя злачынствы не робяць іх лепшымі ў вачах, па-першае, беларускага грамадства, увесь час падымаюць гэты нерв. Па-другое, магчымая перамоўная пазіцыя, якую Лукашэнка цяпер хоча заняць, яна прадугледжвае візуальнае зніжэнне гэтага тэрору.
І таму важна, што мы як праваабаронцы, як арганізацыі, якія дапамагаюць людзям, атрымліваем гэты паток інфармацыі. Мы разумеем насамрэч, што адбываецца ўнутры краіны. І гэта не дае лукашыстам заняць добрую перамоўную пазіцыю для сябе. Маўляў, “не, мы нічога такога не робім, у нас засталося некалькі праблемак, і мы іх хутка вырашым, мы ўжо цяпер пачалі амніставаць людзей”.
Нягледзячы на тое, што некаторых затрыманых па палітычных справах паступова вызваляюць, гэта ніяк не змякчае складанай гуманітарнай сітуацыі ў краіне.
“Але калі мы паглядзім на гэтую сітуацыю аб’ектыўна, то зможам апісаць яе толькі адным словам — тэрор.
І я настойваю на гэтым слове, бо азначэнне “рэпрэсіі” ўжо не апісвае той усеагульнай татальнай спробы ўстанаўлення кантролю над грамадствам з дапамогай гвалту, запалохвання і іншых інструментаў, якімі карыстаюцца дыктатарскія рэжымы. Пра гэта варта нагадваць і разумець, калі ёсць жаданне з кімсьці перамаўляцца.
Лукашысцкі рэжым не змяніўся. Ён працягвае рабіць тое, чым займаўся раней — знішчаць абсалютна ўсё, што можа быць расцэненае як супраціў”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.