Дапамогу з "легалізацыяй атэстатаў" у Польшчы абяцае віцэ-маршалак Сената

Беларускі атэстат аб сярэдняй адукацыі

Беларускі атэстат аб сярэдняй адукацыі / sputnik.by

На сустрэчы з віцэ-маршалкам Сената і сябрам дэпутацкай групы "За дэмакратычную Беларусь" польскага парламента Міхалам Камінскім абмеркавалі праблемы беларускіх студэнтаў у Польшчы, паведамляе "Парламенцкі канал"

У прыватнасці, гаворка ішла аб прызнанні беларускіх атэстатаў у Польшчы. Беларускія студэнты і студэнткі амаль паўгода атрымліваюць адмовы ў настрыфікацыі дакументаў ад польскіх кураторыумаў (упраўленняў) адукацыі. Польскія чыноўнікі спасылаюцца на адсутнасць сертыфікатаў ЦТ і ЦЭ. Але такое патрабаванне, як адзначаецца ў "Парламенцкім канале", супярэчыць польскаму заканадаўству. Пры гэтым у кожным кураторыуме ёсць свае патрабаванні — напрыклад, патрабаванне апастылю.

Віцэ-маршалак Сената паабяцаў асабіста заняцца гэтай праблемай. У тым ліку ён паабяцаў дамагчыся адмены патрабавання, каб беларускія студэнты падавалі сертыфікаты ЦТ і ЦЭ. Таксама Камінскі паабяцаў паспрыяць, каб патрабаванні кураторыяў адукацыі спрасцілі і ўніфікавалі.

У лістападзе 2023-га скончыўся тэрмін пагаднення паміж Беларуссю і Польшчай аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі. Але Беларусь прыпыніла дзеянне гэтага дакумента яшчэ раней. У пагадненні прадугледжвалася ўзаемнае прызнанне атэстатаў і дыпломаў. Пасля гэтага ў беларускіх абітурыентаў у Польшчы сталі патрабаваць даведку пра легальнасць атэстатаў. Але атрымаць яе ў Беларусі даволі праблематычна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі