Беларусаў пабілі ў варшаўскім рэстаране ў навагоднюю ноч
Збітыя беларусы
Двух беларусаў у навагоднюю ноч пабіла ахова рэстарана Paros у цэнтры Варшавы. Пра здарэнне расказала ў сацсетках сястра аднаго з пацярпелых Паліна Ляшковіч.
Паводле дзяўчыны, яны кампаніяй прыйшлі ў рэстаран, "заплацілі немаленькую суму з кожнага чалавека, былі пачцівыя і ўважлівыя да персаналу". Бліжэй да закрыцця ўстановы яе хлопец і брат "захацелі пагаварыць па душах", аднак у рэстаране было дужа шумна, таму яны пайшлі ў прыбіральню.
Далей сітуацыю дзяўчына апісвае так: "Заляцелі супрацоўнікі ўстановы, ахоўнікі, велізарныя бугаі і пачалі п...дзіць хлопцаў, яны ні разу не ўдарылі ў адказ (на кулаках няма ніводнай ранкі), п...дзілі доўга і не хацелі спыняцца , падумалі, напэўна, што яны геі…"
У выніку, як піша дзяўчына, "у брата зламанае вуха і нос, у хлопца — рэбры, мяне велізарныя ахоўнікі шпурлялі па ўсім калідоры, калі я хацела іх спыніць, менеджарка крычала, каб я заткнулася, курва…" Яна апублікавала фатаздымкі збітых хлопцаў. Паліна заяўляе, што запіс камеры не далі, нічога не патлумачылі.
Калі прыехала паліцыя, "на месцы ў рэстаране ўжо нікога не было". Хлопцам сказалі ехаць здымаць пабоі і на наступны дзень з'явіцца ў пастарунак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.