Жыхароў Дзятлава палохалі пакараннем за перашкоду працы выбарчых камісій
Пракурор пералічваў, якія пакаранні чакаюць беларусаў
Жыхароў Дзятлава (Гродзенская вобласць) палохалі пакараннем да 5 гадоў пазбаўлення волі за "перашкоду працы выбарчых камісій". "Прафілактычную сустрэчу" са спецыялістамі мясцовага філіяла ААТ "Молочный Мир" правёў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталь Юрго. Акрамя крымінальнай адказнасці ён згадаў і адміністрацыйную — штраф да 600 рублёў "за парушэнне заканадаўства аб выбарах". Як вядома, рэжым Аляксандра Лукашэнкі ва ўмовах рэпрэсій праводзіць прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.
Таксама пракурор тлумачыў прысутным, што такое "экстрэмізм" і "як ён праяўляецца". Вось як ён абгрунтаваў масавыя затрыманні і суды за падпіску, лайкі ці каментары ў інтэрнэце: "Дзяржава вымушана ставіць заслон гэтай з’яве і фарміраваць арсенал сродкаў супрацьдзеяння".
У кастрычніку той жа Юрго паведаміў, што ў Дзятлаўскім раёне за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" асуджана больш за дзесяць чалавек. За "экстрэмізм" у дзяржаўны вышук аб’явілі жыхара аграгарадка Гезгалы, які нібыта "заклікаў беларусаў да змянення канстытуцыйнага ладу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.