Палітзняволенага японца Наканісі Масатосі пачнуць судзіць у студзені
Наканісі Масатосі
Суд над палітзняволеным японцам Наканісі Масатосі пачнецца 10 студзеня 2025 года, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна". Працэс пройдзе ў Мінскім гарадскім судзе, весці яго будзе Анжэла Касцюкевіч.
Грамадзяніна Японіі затрымалі яшчэ ў ліпені, але падрабязнасці яго пераследу і затрымання паказалі ў сюжэце БТ толькі ў верасні. КДБ Беларусі вінаваціць Наканісі Масатосі ў агентурнай дзейнасці. Спецслужбы сцвярджаюць, быццам ён "ажыццяўляў збор і перадачу на адрас японскай спецслужбы разведвальнай інфармацыі вайсковага характару".
Японец з 2018 года жыў у Гомелі, дзе ажанічўся з мясцовай жыхаркай. Ён выкладаў японскую мову ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францішка Скарыны. У вольны час ён падарожнічаў па Беларусі і рабіў шмат здымкаў. Гэтыя здымкі (асабліва з раёнаў, памежных з Украінай) яму і паставілі ў віну — заявілі, што ён плануе перадаваць іх японскім спецслужбам.
Па абвінавачанні ў агентурнай дзейнасці японцу пагражае да 7 гадоў калоніі.
Пазней, 1 снежня, за здымкі чыгункі ў Гомельскай вобласці затрымалі яшчэ аднаго японца. Хутчэй за ўсё гэта трэвел-блогер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.