Ціханоўскі спытаў у Лукашэнкі, чаму ў вышук аб'явілі Ціханоўскую
Сталі вядомы новыя падрабязнасці сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязнямі, якая ў суботу прайшла ў КДБ. Іх TUT.by агучыў адвакат Сяргея Ціханоўскага Віктар Мацкевіч. Ціханоўскага прывезлі ў Мінск з СІЗА ў Жодзіне, яго суправаджалі людзі ў масках. У пакой, у якім сабралі 12 палітвязняў, прыйшоў Лукашэнка і пачаў паціскаць рукі прысутным. Сяргей Ціханоўскі пазбягае поціскаў рук, паколькі баіцца заразіцца каранавірусам. Таксама ён не хацеў, каб яго здымалі на камеры дзяржаўных тэлеканалаў (і амаль не патрапіў у кадр).
Сяргей Ціханоўскі атрымаў магчымасць выказаць Аляксандру Лукашэнку сваю пазіцыю: пра неабгрунтаваныя абвінавачанні, пра непраўдзівую інфармацыю пра яго ў дзяржаўных СМІ (сувязі з Расіяй ці з Захадам, знаёмства з паліттэхнолагам Шкляравым і г д.). Пытаўся, чаму аб'яўлена ў вышук яго жонка, Святлана Ціханоўская, чаму няма на сустрэчы Марыі Калеснікавай. Палітвязень сказаў адвакату, што яму далі зразумець: выпусцяць на волю не хутка.
Пры размове пра канстытуцыйную рэформу Сяргей Ціханоўскі сказаў, што прапановы нельга выказваць, знаходзячыся ў кайданках у турме. На сустрэчы Лукашэнка дазволіў палітвязню патэлефанаваць жонцы, размова адбылася ў прысутнасці аховы.
Ноч з 10-га на 11-е кастрычніка Ціханоўскі правёў у СІЗА КДБ. Пасля яго разам з іншымі прысутнымі на сустрэчы адвезлі ў лазню. А далей — вярнулі ў СІЗА ў Жодзіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.