Ціхіня: У Віскулях зрабілі дзяржаўны пераварот, і Гарбачоў мусіў арыштаваць іх

Ціхіня: У Віскулях зрабілі дзяржаўны пераварот, і Гарбачоў мусіў арыштаваць іх
Даведка Еўрарадыё: Валерый Ціхіня — юрыст, дзяржаўны дзеяч. З 1989 па 1990 год — міністр юстыцыі БССР, з 1990 па 1991 — сакратар ЦК КПБ, з 1991 па 1994 — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, з 1994 па 1996 — старшыня Канстытуцыйнага суда, з 2002 года — загадчык кафедры Мінскага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва. Адзіны з дэпутатаў Вярхоўнага Савета, хто прагаласаваў супраць ратыфікацыі Белавежскага пагаднення.

Еўрарадыё: 8 снежня ў Віскулях кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскае пагадненне, якое скасоўвала СССР. А 10 снежня Вярхоўны Савет Беларусі галасаваў за ратыфікацыю гэтага дакумента. Вы былі адзіным, хто прагаласаваў супраць. Чаму?

Валерый Ціхіня (паклаўшы перад сабой ксеракопіі сваіх выступаў у СМІ і нейкі дакумент, падобны да дакладу для канферэнцыі): Таму што ў сакавіку 1991 года каля 80% удзельнікаў усесаюзнага рэферэндуму выказаліся за захаванне СССР. Прычым вынікі гэтага рэферэндуму для ўсіх, у тым ліку і для белавежскіх падпісантаў, былі абавязковымі, а не рэкамендацыйнымі. І я не мог ісці насуперак волі большасці. Апроч таго, калі белавежскія падпісанты так ужо хацелі разбурыць Савецкі Саюз, то дзейнічаць яны мусілі легальна і пачынаць з адмены саюзнай Канстытуцыі. Нават студэнту першага курса юрфака вядома, што Белавежскімі пагадненнямі нельга адмяніць Канстытуцыю. Да ўсяго, у асобных рэспубліках СССР неабходна было б спачатку адмяніць дзейную Саюзную дамову ад 1922 года. Гэта не было зроблена.

Ну, і што мы, былыя савецкія грамадзяне, атрымалі пасля развалу СССР? Расколатае грамадства, дзе мільёны людзей сталі ізгоямі, прыватызацыю, больш падобную на арганізаванае раскраданне саюзнай уласнасці, карупцыю, інфляцыю і шматлікія ачагі міжнацыянальнай напружанасці. Да ўсяго, мы атрымалі аднапалярны свет з лідарам у выглядзе ЗША. Я не хачу ідэалізаваць савецкую прававую сістэму, у якой былі пэўныя недахопы. Але нам варта было ад гэтага саюзнага ўтварэння, якое было нашым агульным багаццем, узяць лепшае і адкінуць горшае. Як гэта зрабілі ў тым жа Кітаі.

Еўрарадыё: У тым Вярхоўным Савеце большасць складалі артадаксальныя камуністы — чаму яны не прагаласавалі супраць Белавежскага пагаднення і за захаванне СССР?

Валерый Ціхіня: У той час ішоў “парад суверэнітэтаў” саюзных рэспублік. Мяркую, менавіта праз гэты негатыўны фон і былі такімі вынікі галасавання.

Еўрарадыё: Вы думаеце, што захаваць СССР на той момант яшчэ можна было? Нават з улікам таго, што ў згаданым вамі рэферэндуме за захаванне СССР шэсць саюзных рэспублік проста адмовіліся браць удзел!

Валерый Ціхіня: Думаю, СССР можна было захаваць. Вы ж памятаеце, каля 80% удзельнікаў рэферэндуму прагаласавала за захаванне. Як можна ігнараваць волю большасці!

Еўрарадыё: Па словах Станіслава Шушкевіча, ідэю падпісаць дакумент, які прызнаваў, што СССР скончыў сваё існаванне, падаў марксіст-ленінец, Дзяржсакратар РСФСР Бурбуліс. Як такое патлумачыце?

Валерый Ціхіня: Сапраўды, гэта ідэя Бурбуліса. Ён аказаўся тым, каго называюць пярэваратнем. Гэта справа яго сумлення. Але нельга было волю народа ігнараваць! А  яшчэ лічылі сябе дэмакратамі — волю большасці не ўлічылі. Адсюль пытанне: што спрыяла праяве такога прававога цемрашальства ў канцы XX стагоддзя? Барыс Ельцын, падпісваючы гэтае пагадненне, імкнуўся пазбавіцца прысутнасці Міхаіла Гарбачова ў Крамлі. Якога ён, мякка кажучы, не паважаў. Ельцын марыў стаць “царом усяе Русі”. Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч таксама пераследавалі свае меркантыльныя інтарэсы.

Еўрарадыё: Не ведаю пра Краўчука, але якія багацці ў выніку займеў, па-вашаму, Шушкевіч? Маёнткаў і рахункаў не мае, уладу страціў, нават пенсіі не меў!

Валерый Ціхіня: Ён не думаў, што так вось страціць сваю пасаду. Але ён вызваліўся ад кіраўніка саюза, які над ім стаяў. І таксама стаў царом усёй Беларусі. Ну, ён так меркаваў. Што важна: 8 снежня Міхаіл Гарбачоў валодаў дакладнымі звесткамі пра дзяржаўны пераварот, які здзейснілі ў Белавежскай пушчы, — інакш як юрыст я не магу кваліфікаваць гэтыя дзеянні. І ў Гарбачова былі дастатковыя падставы ўзяць пад варту падпісантаў Белавежскага пагаднення. З усімі, як кажуць юрысты, выцякаючымі прававымі наступствамі. Але ён, на жаль, чарговы раз не скарыстаўся ўладай там, дзе гэта неабходна. У выніку тры чалавекі неканстытуцыйным шляхам разбурылі прававую сістэму СССР. А Гарбачоў верыў, што Саюзная дамова ўсё адно будзе падпісаная найбліжэйшым часам. Уражвае яго наіўнасць!

Еўрарадыё: Шушкевіч кажа, што ў Віскулі ехалі дамаўляцца пра пастаўкі нафты і газу, а ідэя разваліць СССР узнікла спантанна. Верыце ў гэта?

Валерый Ціхіня: Гісторыя для дылетантаў! За некалькі месяцаў да гэтага, на пасяджэнні дзяржсавета СССР у Нова-Агарове, Ельцын і Шушкевіч таемна ад астатніх сябраў Дзяржсавета, дамовіліся сустрэцца каб абмеркаваць, якім павінна быць новае дзяржаўнае ўтварэнне ў сувязі з развалам СССР. І звярніце ўвагу: сустрэча гэтая праходзіла не ў Маскве, а на савецка-польскай мяжы. Гэта таксама наводзіць на думкі.

Еўрарадыё: Без рукі Захаду, лічыце, тут не абышлося?

Валерый Ціхіня: А хто першым даведаўся пра тое, што падпісаныя “віскулёўскія пагадненні”? Прэзідэнт ЗША Джорж Буш, а не Гарбачоў — той апошні даведаўся пра гэтую сумную падзею.

Еўрарадыё: Не падпісалі б тое пагадненне ці Гарбачоў арыштаваў бы падпісантаў Белавежскага пагаднення — як бы, на вашу думку, развіваліся падзеі?

Валерый Ціхіня: Савецкая дзяржава хоць і называлася федэратыўнай, але былі там элементы дзяржавы ўнітарнай. Мяркую, было б больш дэмакратыі, стваралася б дзяржава накшталт канфедэрацыі. У новай форме, але Савецкі Саюз працягнуў бы сваё існаванне.

Еўрарадыё: І колькі б у тым Савецкім Саюзе засталося саюзных рэспублік — 4 ці 5?

Валерый Ціхіня: Зараз цяжка пра гэта казаць… Адваліліся б краіны Балтыі, магчыма, выпалі б яшчэ якія дзяржавы дзве. Але большасць дзяржаў, можа, 10-11, магла б быць у гэтай саюзнай дзяржаве.

Еўрарадыё: Дзякуючы Белавежскаму пагадненню Беларусь канчаткова стала незалежнай. Вы, галасуючы супраць Белавежскага пагаднення, фактычна выступалі супраць гэтай незалежнасці.

Валерый Ціхіня: Гэта памылковы погляд. Мне падаецца, захаваць дэмакратычны пачатак можна было і ў межах Саюза. У складзе Еўрапейскага саюза 28 дзяржаў, але ніхто не лічыць, што іх суверэнітэт абмежаваны. І мы б прыйшлі да такой дзяржавы.

Еўрарадыё: У гісторыю Беларусі вы ўвойдзеце не толькі як адзіны, хто ў Вярхоўным Савеце галасаваў супраць Белавежскага пагаднення, але і як старшыня Канстытуцыйнага суда, які вялікую ролю адыграў у рэферэндуме 1996 года. Ролю, кажуць, вялікую і неадназначную. А вы як сваю ролю ацэньваеце?

Валерый Ціхіня: Я буду спасылацца на рашэнне Канстытуцыйнага суда, які вырашыў, што вынікі гэтага рэферэндуму павінныя мець рэкамендацыйны, а не абавязковы характар. Адсюль і высновы рабіце адпаведныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі