Жонка Шушкевіча распавяла пра яго апошнія дні і цяжкасці з пахаваннем

Жонка Шушкевіча распавяла пра яго апошнія дні і цяжкасці з пахаваннем

Улады адмовіліся даць месца для пахавання Станіслава Шушкевіча на Усходніх могілках — там хаваюць дзяржаўных дзеячаў, а таксама прадстаўнікоў навукі і культуры. Пра гэта жонка нядаўна памерлага палітыка расказала ў інтэрв'ю амерыканскай радыёстанцыі, прызнанай у Беларусі экстрэмісцкай.

Ірына Шушкевіч распавяла, што апошнія два гады (з пачатку эпідэміі кавіду) яе муж правёў у самаізаляцыі ў кватэры і пакідаў яе толькі з медыцынскіх патрэбаў. Пры гэтым ён праходзіў па кватэры штодня спярша 10 тысяч крока, потым — тры тысячы. Гэта была рэкамендацыя дактароў — для сэрца.

"Потым праблемы з'явіліся з нагамі... На жаль, атрымлівалася так, што, калі ён клаўся, галава менш балела і з нагамі было лепей, ён не адчуваў болю. А для сэрца, наадварот, трэба было хадзіць. І ён хадзіў. У гэтым плане ў яго была жалезная воля", — згадвае жонка. 

Пасля аперацыі па выдаленні катаракты ў Шушкевіча палепшаў зрок, таму ён больш чытаў на камп'ютары. У апошнія дні спрабаваў пісаць.

Нягледзячы на самаізаляцыю Станіслаў Шушкевіч перахварэў на каранавірус, што паўплывала на пагаршэнне здароўя. Абвастрыліся хваробы, палітыка двойчы клалі ў рэанімацыю. Пасля другой рэанімацыі ён стаў есці цвёрдую ежу, жонка спадзявалася, што ён акрыяе.

"Але трэцяга траўня ён паснедаў і адмовіўся ад ежы. Потым у яго балеў жывот, я выклікала "хуткую", яны прыехалі і зрабілі ўкол но-шпы. Мне штосьці не спадабалася, я пазваніла, мне патлумачылі, як уздымаць ціск. Я спрабавала, але бачыла, што ціск усё больш падае, ён задыхаецца. Я зноў выклікала "хуткую". Гэтая "хуткая" прыехала ужо з кіслародам, з нейкімі яшчэ чамаданамі. Яны сказалі, што наўрад ці будзе добры вынік", — распавядае Ірына Шушкевіч.

Лекары спрабавалі рэанімаваць палітыка каля гадзіны, аднак у 23:35 канстатавалі смерць.

Шушкевіч разлічваў, што яго пахаваюць на Усходніх могілках — там хаваюць дзяржаўных дзеячаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў культуры. Сам ён быў не толькі колішнім кіраўніком Вярхоўнага Савета Беларусі, але і членам-карэспандэнтам Акадэміі навук. Па словах жонка, ён прасіў пахаваць яго на алеі навукоўцаў.

Адміністрацыя Усходніх могілак адказала, што выканае тое рашэнне, якое прыме начальства. Фармальна дазвол на пахаванне на Усходніх могілках дае кіраўнік Мінгарвыканкаму.

"Звязваліся і з Адміністрацыяй прэзідэнта, і з Мінгарвыканкамам. Усе чакалі рашэння. Але месца на Усходніх могілках нам не далі", — кажа Ірына Шушкевіч. 

Урэшце першага кіраўніка незалежнай Беларусі пахавалі на Паўночных могілках — недалёка ад сваякоў.

Станіслаў Шушкевіч памёр у ноч з 3 на 4 траўня. Яму было 87 гадоў. Развітацца з палітыкам прыйшло каля тысячы чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі