Цімашэнка не падтрымае ў другім туры ні Зяленскага, ні Парашэнку
Юлія Цімашэнка не падтрымае ў другім туры ні Уладзіміра Зяленскага, ні Пятра Парашэнку. Пра гэта яна заявіла 2 красавіка на прэс-канферэнцыі. Лідарка партыі "Бацькаўшчына" лічыць, што гэтыя кандыдаты ў прэзідэнты не здольныя саўладаць з выклікамі, якія стаяць перад Украінай.
"Я лічу, што ні адзін з кандыдатаў, якія па рашэнні ЦВК будуць у другім туры, не дадуць рады з гэтымі выклікамі і не спыняць ні вайны, ні бяды. Таму браць адказнасць за любыя парады зараз я не магу", — сказала Цімашэнка.
Пасля падліку 99% галасоў у першым туры на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне 30,23% набраў Уладзімір Зяленскі. Дзейны прэзідэнт Пётр Парашэнка мае 15,92%. Паводле ЦВК, Юлія Цімашэнка атрымала толькі 13,39%, у яе трэцяе месца.
Юлія Цімашэнка заявіла, што вынік першага тура быў сфальсіфікаваны на карысць Пятра Парашэнкі. У выніку ён трапіў у другі тур, а яна — не.
Другі тур пройдзе 21 красавіка. За перамогу пазмагаюцца Зяленскі і Парашэнка. Цімашэнка збіраецца скіраваць высілкі сваіх прыхільнікаў на недапушчэнне фальсіфікацый.