ЦВК апублікаваў дэкларацыі кандыдатаў — уласнае жыллё мае толькі адзін

ЦВК апублікаваў дэкларацыі кандыдатаў — уласнае жыллё мае толькі адзін

ЦВК апублікаваў інфармацыю пра маёмасць і гадавы прыбытак кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2015-га года. Дзейны кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, згодна з гэтымі дадзенымі, за 2014 год зарабіў 552 мільёны рублёў. У гэтую суму ўвайшоў толькі гадавы заробак — іншых крыніц прыбытку у кіраўніка краіны, калі верыць апублікаванай інфармацыі, не было. Хаця Лукашэнка можа разлічваць і на пенсію.

Калі раздзяліць гадавы прыбытак кіраўніка краіны на 12 месяцаў і перавесці ў долары (сярэдні курс за 2014 год — 10 тысяч рублёў), атрымаецца каля 4500 долараў у месяц. У 2009 годзе, згодна з дэкларацыяй, пададзенай у ЦВК, Аляксандр Лукашэнка штомесяц зарабляў крыху больш за 3100 долараў.

Пры гэтым ніякай іншай маёмасці ў кандыдата Лукашэнкі няма — ані машыны, ані дома, ані хаця б аднапакаёвай кватэры.

Няма свайго жылля і ў Таццяны Караткевіч. Яе прыбытак за мінулы год склаў усяго 60 мільёнаў рублёў — гэта заробак плюс “прыбытак, атрыманы па дамове дарэння”. І гэта самы бедны кандыдат. Сярэднемесячны прыбытак у Караткевіч у мінулым годзе склаў каля 5 мільёнаў, сярэдні па краіне — крыху больш за 6.

“Большая частка з гэтых 60 мільёнаў — гэта сродкі, падораныя мне сям’ёй. Я працую дырэктарам ва ўстанове сацыяльнай дапамогі. Заробак там ў мінулым годзе быў у мяне 2 — 2,5 мільёна ў месяц. Ён зусім невялікі. Установа існуе на грошы, якія ахвяруюць яе ўдзельнікі”, — расказвае Караткевіч.

Кватэры сваёй у Таццяны Караткевіч таксама няма — жыве яна разам з маці. Муж Таццяны у мінулым годзе меў заробак яшчэ меншы, чым жонка — усяго 40 мільёнаў за год. Затое ў яго ёсць цэлыя два аўтамабілі — старэнькі “Форд Скорпіа” 1988 года і “Хонда Аккорд” 1998-га.

Сяргей Гайдукевіч таксама не мае ніякай нерухомасці ва ўласнасці. За мінулы год прыбытак Гайдукевіча склаў 263 мільёны. Праўда, сюды ўвайшлі грошы, атрыманыя пасля продажу машыны. Акрамя гэтага — заробак, пенсія, прыбытак, атрыманы з-за мяжы і штомесячнае грашовае утрыманне. Аўтамабіляў у Гайдукевіча два — паркетнік “Ніссан” 2014 года і стары “БМВ 730” 1996-га. А вось жонка Ала Паўлаўна ў кандыдата Гайдукевіча акрамя джыпа “Рэно” 2013 года мае ажно тры кватэры (дзве аднапакаёвыя і адна двухпакаёвая), дом у вёсцы Семкава пад Мінскам плошчай 155 квадратаў і зямельны ўчастак там жа памерам у чвэрць гектара. За мінулы год жонка Гайдукевіча зарабіла амаль столькі ж, колькі муж — 238 мільёнаў.

Мікалай Улаховіч у мінулым годзе меў крыху меншы прыбытак, чым у Гайдукевіча — 243,5 мільёна. Гэта пенсія і заробак. Кватэры Улаховіч сваёй не мае, затое ёсць ажно два дамы (у вёсках у Чашніцкім і Ляхавіцкім раёнах) а таксама зямельны участак у Ляхавіцкім. У графе “іншая ўласнасць” Улаховіча пазначаныя 240 тысяч акцый “Парытэт-банка”. Машыны ў казака няма. Зрэшты, транспарт у казакоў традыцыйна іншы.

“Гэта нейкая памылка, у мяне менш павінна было быць за мінулы год прыбытку. Відаць, вы з Гайдукевічам пераблыталі. Больш ніякіх каментарыяў не будзе на гэтую тэму”, — атаман у размове жорсткі і бескампрамісны.

Жонка Улаховіча Раіса за 2014 год мела прыбытак крыху меншы, чым у мужа — 235 мільёнаў. Але маёмасці ў яе значна больш — гараж у Мінску, гандлёвае памяшканне плошчай 100 квадратаў, адміністратыўнае на 34 квадраты, яшчэ адно гандлёвае памерам 16 квадратных метраў і гандлёвае памяшканне ў раёне вёскі Азярцо памерам 10 квадратных метраў.

Жывуць Улаховічы ў кватэры агульным памерам у 148 квадратных метраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі