ЦВК не хоча раскрываць звесткі аб тых, хто фінансуе выбарчыя штабы

ЦВК не хоча раскрываць звесткі аб тых, хто фінансуе выбарчыя штабы

На 16 верасня грошы былі толькі ў выбарчых фондах Лукашэнкі — 202 мільёна, і Караткевіч — 400 тысяч. Фонды Улаховіча з Гайдукевічам пачалі папаўняцца пазней — інфармацыя пра іх будзе апублікаваная толькі 23 верасня ў другой палове дня. Еўрарадыё спрабуе даведацца, хто і колькі пералічыў кандыдатам.

“Нельга!”

Дзяржава сёлета на кампанію кандыдатам не дала ні капейкі, прыходзіцца выкручвацца — чакаць ахвяраванняў. У бухгалтэрыі ЦВК расказаць праўду спачатку нібыта пагаджаюцца. Але потым вырашаюць параіцца з начальствам.

“Не, нельга… Ну, яно ў прынцыпе адкрытая інфармацыя… Ну, прыходзьце да нас. Я вам пакажу. Там на шасці лістах інфармацыя. Я не ведаю, ці магу гэта паказаць. Мне трэба удакладніць. У нас не прапісаныя гэтыя нормы. Так, у прынцыпе, у нас усё празрыста, усё бачна. Мы інфармуем выбаршчыкаў праз СМІ”, — кажа бухгалтар пра спіс ахвярадаўцаў Аляксандра Лукашэнкі.

Шэсць лістоў — вельмі няслаба. Прычым, гэта толькі за першы тыдзень. У Караткевіч, напрыклад, ахвяраванні зрабілі толькі тры чалавекі. Перазвоньваю ў ЦВК праз 15 хвілін і чую ад бухгалтара, што ісці да іх не трэба. Маўляў, артыкул 48 Выбарчага кодэкса не дазваляе. Таму я і так ведаю ўжо больш, чым трэба. Падчас вывучэння згаданага дакумента, праўда, ніякіх забаронаў там не знаходзім.

“Хай самі кандыдаты расказваюць”

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абмеркаваць гэтае далікатнае пытанне запрашае да сябе. І кажа, што Цэнтрвыбаркам публікаваць інфармацыю пра тыя арганізацыі і людзей, якія пералічваюць грошы кандыдатам, не будзе. Адзіны спосаб гэта даведацца… — спытаць у саміх кандыдатаў:

“Мы не публікуем гэтыя звесткі. Мы публікуем толькі памеры фондаў, але не публікуем прозвішчы інвестараў. У рэшце рэшт, гэта ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё. Але калі кандыдаты захочуць рассакрэціць звесткі, то яны могуць гэта зрабіць. Вось дакладна як у той сітуацыі, калі вы хадзілі і правяралі падпісныя лісты. У выніку кандыдаты вам прадаставілі звесткі грамадзян, якія паставілі ім подпісы. Калі кандыдаты захочуць, яны могуць назваць гэтыя прозвішчы і назвы арганізацый. Калі не захочуць — маюць права адмовіць. Яны справаздачныя толькі перад намі”.

Так што, выбары сёлета хоць і празрыстыя, але не да канца. У Выбарчым кодэксе падрабязна прапісана, хто можа пералічваць грошы, а хто не. І калі некага з кандыдатаў фінансуюць замежныя грамадзяне, альбо, не дай Божа, дзяржаўныя установы, яго можна смела папярэджваць аб парушэнні, а то і ўвогуле зняць з выбараў. А праверыць гэта мае права толькі ЦВК.

ЦВК не хоча раскрываць звесткі аб тых, хто фінансуе выбарчыя штабы

Мы не публікуем гэтыя звесткі. Мы публікуем толькі памеры фондаў, але не публікуем прозвішчы інвестараў. У рэшце рэшт, гэта ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё. Але калі кандыдаты захочуць рассакрэціць звесткі, то яны могуць гэта зрабіць. Вось дакладна як у той сітуацыі, калі вы хадзілі і правяралі падпісныя лісты. У выніку кандыдаты вам прадаставілі звесткі грамадзян, якія паставілі ім подпісы. Калі кандыдаты захочуць, яны могуць назваць гэтыя прозвішчы і назвы арганізацый. Калі не захочуць — маюць права адмовіць. Яны справаздачныя толькі перад намі

Лідзія Ярмошына

“Мы добраахвотна ахвяравалі. І ўвогуле, хто вы такі?”

Як даведалася Еўрарадыё, адным са шматлікіх ахвярадаўцаў выбарчага штаба Лукашэнкі з’яўляецца ЗАТ “Мінсктэрмаізаляцыя”. На рахунак свайго кандыдата амаль адразу пасля рэгістрацыі яны пералічылі 9 мільёнаў — максімальна магчымую суму, больш не дазваляе заканадаўства. Размовы з прадстаўнікамі прадпрыемства не атрымліваецца. Чалавек, які прадстаўляецца “кіраўніком прадпрыемства” кажа, што за фінансаванне Лукашэнкі выступіў назіральны савет:

“Назіральны савет. Такое рашэнне прыняў назіральны савет нашага таварыства. Чаму Лукашэнку? Бо мы падтрымліваем яго, груба кажучы, погляды, ідэі. Я пра гэта па тэлефоне не хачу гаварыць, я не ведаю, хто вы такі. Карэспандэнтам кожны можа прадставіцца”.

Прыватнае прадпрыемства “Аўтажодзіна” ахвяравала кандыдату Лукашэнку 2 мільёны. Нібы, няшмат, але пытанне пра гэтую суму уводзіць супрацоўніка сеткі крамаў аўтазапчастак у ступар, а намеснік кіраўніка прадпрыемства просіць “перазваніць праз нейкі час”. Больш паразмаўляць з ім не атрымліваецца.

Еўрарадыё накіравала ў Цэнтрвыбаркам афіцыйны запыт з просьбай прадаставіць звесткі пра асобы і прадпрыемствы, якія фінансуюць выбарчыя кампаніі ўсіх чатырох кандыдатаў, альбо са спасылкай на канкрэтны пункт Выбарчага кодэкса патлумачыць, чаму гэтага зрабіць немагчыма. Адказ апублікуем адразу пасля атрымання. Магчыма, гэта нават здарыцца да выбараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі