ЦВК: Ужо 27 кандыдатаў у дэпутаты зняліся з выбараў
Ужо 27 кандыдатаў зняліся з выбараў у Палаты прадстаўнікоў. Такія дадзеныя па стане на 25 жніўня паведамляе Цэнтрвыбаркам. На сёння ў парламенцкай кампаніі ўдзельнічаюць 498 прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты.
Як нагадвае БелаПАН, па выніках вылучэння быў зарэгістраваны 521 кандыдат, яшчэ аднаго зарэгістравалі на падставе рашэння тэрытарыяльнай камісіі, траіх — па рашэнні судоў.
316 кандыдатаў — сябры палітычных партыяў. Больш за ўсё прэтэндэнтаў ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі (74), меней за ўсё — ад Беларускай патрыятычнай партыі (16).
Сярод кандыдатаў 115 жанчын, 52 чалавекі — гэта маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў.
У парламенцкай кампаніі ўдзельнічаюць 28 дзеючых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 35 дэпутатаў мясцовых саветаў.