Што адбываецца з цэнамі на таксі ў Мінску
Як змяніліся тарыфы на таксі
З плошчы Перамогі да вакзала — 7,9 рубля, а з аэрапорта да Рэвалюцыйнай — 59,8 рубля. Столькі станам на 8 студзеня каштуюць паездкі на таксі праз праграму "Яндэкс Go". Калі вы былі ў аквапарку "Лебядзіны" і захацелі вярнуцца дадому на Ясеніна, то паездка праз МКАД цяпер абыдзецца ў 36,7 рубля. Едзеце тусавацца з Кашавога на Зыбіцкую? Заплаціце 11,7 рубля.
Пасля ўваходжання 1 лістапада ў дзеянне ўказа "Пра аўтамабільныя перавозкі пасажыраў", які абавязвае ствараць рэестр са звесткамі пра перавозчыкаў і транспартныя сродкі, у Беларусі прыкметна выраслі цэны на таксі. Хоць Мінтранс і запэўніваў, што тарыфы не зменяцца.
Еўрарадыё праверыла, як выглядаюць тарыфы праз два месяцы. Склалася ўражанне, што ў параўнанні з лістападам цэны знізіліся, хоць яны ўсё роўна вышэйшыя, чым былі да зменаў у законе.
Цэны знізіліся?
У канцы лістапада мінчанка выкладвала ў Threads скрыншот тарыфу з праспекта Пераможцаў да Новай Баравой — кошт паездкі склаў 64,2 рубля. А ўжо 8 студзеня такая ж паездка ў плане "Камфорт" каштавала 21,7 рубля.
11 лістапада паездка з Чыжоўкі ў Курасоўшчыну па МКАД "скакала ад 17,5 да 30" рублёў. Цяпер маршрут ад вуліцы Дудара да Сярова (13 хвілін дарогі) каштуе 14,4 рубля на "Эканоме".
У той самы дзень паездка Цнянка — Сурганава каштавала 22 рублі, а 9 студзеня — 11,5.
Таксама, калі параўнаць з гэтымі скрыншотамі, выходзіць, што таксі праз "Яндэкс Go" патаннела прыкладна на 10 рублёў.
Мы таксама параўналі цэны на паездкі чытачоў Еўрарадыё з першай паловы 2024 года (то-бок да ўступлення ўказа ў сілу). Напрыклад, паездка з вуліцы Платонава на Багдановіча каштавала 8,2 рубля ў "Эканоме", а 9 студзеня — роўна 8 рублёў. (Скрыншоты ёсць у рэдакцыі.)
А такая цана была ў траўні 2023 года:
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.