Латвія хоча зрабіць больш строгімі правілы ўезду і перабывання для беларусаў

Латвійская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Латвійская мяжа, ілюстрацыйнае фота / worldatlas.com

Беларусам і грамадзянам іншых краін СНД пры ўездзе ў Латвію давядзецца паведамляць мэту паездкі і маршрту. Такія папраўкі ў закон "Аб міграцыі" падрыхтавала парламенцкая камісія па нацыянальнай бяспецы Латвіі, піша Delfi.

Згодна з законапраектам, грамадзяне краін СНД перад уездам у Латвію абавязаныя будуць падаць інфармацыю пра мэту паездкі, час і месца знаходжання, маршрут, кантактную інфармацыю, займаныя пасады. Таксама ад іх запатрабуюць звесткі, ці былі яны кандыдатамі на выбарах, статус службовай асобы і службу ў розных ведамствах.

За падачу ілжывых звестак ці адмову ад паведамлення звестак прадугледжваецца штраф да 2000 еўра.

Ад падачы такой інфармацыі будуць вызваленыя асобы з дыпламатычным імунітэтам або тыя, хто выконвае кароткатэрміновыя афіцыйныя функцыі.

Таксама грамадзяне СНД, старэйшыя за 15 гадоў, змогуць быць у прымежнай зоне Латвіі толькі з пісьмовай згоды Службы дзяржбяспекі. Яны будуць абавязаныя мець спецыяльны пропуск, які выдаецца памежнікамі. Пастаянныя пропускі выдаюцца ўладальнікам нерухомасці ў прыгранічнай зоне, а часовыя (да года) — тым, хто плануе там знаходзіцца. Працадаўцы могуць падаваць запыты на часовыя пропускі для сваіх супрацоўнікаў, калі гэтага вымагаюць працоўныя абавязкі.

Прычынай такіх зменаў называецца тое, што краіны СНД (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Малдова, Таджыкістан і Узбекістан) шчыльна супрацоўнічаюць у сферы бяспекі, эканомікі і культуры. А гэтую супрацу для атрымання інфармацыі выкарыстоўвае Расія.

Як паведамлялася раней, з 1 студзеня Латвія абмежавала ўвоз паліва для грузавікоў, якія едуць з Беларусі і Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі