Да кіраўніка Гомельшчыны прыйшла дэлегацыя з іржавай трубой і бруднай вадой
Жыхары рабочага пасёлка Бальшавік прыйшлі не з пустымі рукамі
На прыём да старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко прыйшла дэлегацыя жыхароў рабочага пасёлка Бальшавік (Гомельскі раён). Людзі абураныя якасцю пітной вады і папрасілі замяніць вадаправодныя сеткі. Справа ў тым, што ў 2022 годзе пабудавалі новую станцыю абезжалезвання, але трубы не замянілі, а тэрмін эксплуатацыі большасці з іх ужо выйшаў. У выніку ў дамы жыхароў пасёлка вада даходзіць каламутная і з прымешкамі. А перыядычнае прамыванне сістэмы праблему не вырашае.
А каб Крупко не сумняваўся, дэлегацыя расклала на стале доказы: брудную ваду ў бутэльцы, кавалак іржавай трубы. Відаць, старшыня аблвыканкама быў уражаны — дагэтуль да яго з такімі рэчамі не прыходзілі. Ён загадаў разабрацца і вырашыць праблему за... два гады, піша "Гомельская праўда".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.