Да паплечніка Бондаравай у Брэсце прыйшлі сілавікі

Пётр Піцко

Пётр Піцко / sb.by

Да былога сакратара Брэсцкага гаркама БРСМ і экс-кіраўніка патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці Пятра Піцко 19 лютага прыйшлі сілавікі. Пра гэта ён сам напісаў у сацсетках. З чым звязаны гэты прыход сілавікоў, мужчына не ўдакладніў.

Мяркуючы па допісах, дома ў Піцко адбыўся ператрус. Праз некалькі гадзін ён апублікаваў відэа і пост, у якім паведаміў, што ён на волі і ў яго ўсё ў парадку.

Піцко заявіў, што сілавікі не знайшлі нічога забароненага ні ў яго дома, ні ў тэлефоне, ні дома ў бацькоў. З яго слоў вынікае, што гэта не першы такі візіт — мужчына кажа, што "стаміўся ад падобнай увагі" міліцыянтаў. Таксама ён дадаў, што гэтым разам з ім абышліся даволі мякка.

Піцко мяркуе, што прычынай візіту стаў данос на яго. Ён не называе імя, але кажа, што "гэта цалкам канкрэтная асоба, якая ўжо спрабавала дыскрэдытаваць" яго праз чаты беларускіх прапагандыстаў.

Піцко вядомы як паплечнік прарасійскай прапагандысткі з Гродна Вольгі Бондаравай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.