“Дилетант” разбушаваўся: укіды прарасійскіх ТГ-каналаў у Беларусі

Банер супраць расійскай прапаганды / Reuters
Банер супраць расійскай прапаганды / Reuters

Прарасійскія тэлеграм-каналы, якія працуюць на беларускую аўдыторыю, перыядычна спрабуюць хайпаваць на фэйкавых інсайдах і феерычных дэанонах. Асобная тэма для публікацый — размеркаваць усіх канкурэнтаў па "гаспадарах", а самім застацца ў белым паліто.

Напрыклад, у жніўні 2019-га тэлеграм-канал "Компромат СНГ" падзяліў беларускія ТГ-каналы на "прарасійскія", "празаходнія", "кдбшныя", "урадавыя", "незалежныя" і "амаль апалітычныя". Спроба атрымалася хутчэй няёмкай, чым нядрэннай. Яшчэ больш няёмка атрымалася, калі прарасійскія прапагандысты, якія нібыта ведаюць больш за іншых, запісалі рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука ў аўтары тэлеграм-канала "Белорусский порядок".

Нядаўна мы сталі сведкамі чарговай спробы набраць падпісчыкаў на гучных "дэанонах" і знайсці архітэктараў, якія будуюць сеткі ў беларускім "Тэлеграме". Вынік — адна група малазвязаных паміж сабой каналаў абвешчана "сеткай" пад уплывам міністра Макея, іншая нібыта належыць прэс-сакратару Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, трэцюю кантралюе КДБ. Паспрабуем разабрацца ў гэтай кашы.

СССР 2.0

Створаны ў верасні 2019 года тэлеграм-канал "Дилетант" пачаў з унутраных расійскіх навін і "аналітыкі". Неўзабаве яго аўтары ўразумелі, што не вытрымліваюць канкурэнцыі на шчыльна занятым полі, дзе тон задаюць каналы накшталт "Незыгаря" з больш чым трымастамі тысячамі падпісчыкаў. Цяпер пра ўнутраную расійскую палітыку там у асноўным рэпосты.

У снежні 2019 года канал пераключаецца на беларускі парадак дня. Адносіны паміж Беларуссю і Расіяй тады абвастрылася праз спробы паглыбіць інтэграцыю і праз вуглевадародную нявызначанасць. Першае згадванне пра Лукашэнку — 19 снежня. Аўтар "Дилетанта" спрабуе знайсці схаваны сэнс у ператрусах у расійскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. Першая згадка пра Беларусь — перапост "Незыгаря" ад 31 снежня пра тое, што Лукашэнка і Пуцін не дамовіліся пра пастаўкі газу і Расія плануе "гуманітарныя" пастаўкі газу ў Беларусь.

“Дилетант” разбушевался: вбросы пророссийских ТГ-каналов в Беларуси

У студзені 2020 года, на фоне абмеркаванняў перадачы ўлады ў Расіі і будучых паправак у расійскую Канстытуцыю, "Дилетант" піша, што калі "будучы трансфер так перамалочвае ўнутры Расіі, то чаго варта чакаць ад знешняй палітыкі, роля якой зводзіцца да пабудовы Адзінай саюзнай дзяржавы". І дзеліцца сваёй фантазіяй пра тое, што пасля гэтага трансфер улады напаткае і Беларусь з Украінай, якія зноў зліюцца з Расіяй у СССР 2.0: "І ніякія Магілёўскія, Віцебскія народныя рэспублікі не спатрэбяцца, а сам Бацька прыме ўмовы гульні, і гэты працэс заззяе ўжо цалкам новымі фарбамі".

Тэма Саюзнай дзяржавы і адраджэння праекта-спадчынніка СССР не раз усплывае ў развагах "Дилетанта".

"Мінская сямібаяршчына" і "сетка Макея"

10 лютага на "Дилетанте" з'яўляецца два пасты пра "мінскую сямібаяршчыну". Гэта канспіралагічная тэорыя будуецца на тым, што апошнія гадоў пяць Лукашэнка — гэта толькі шырма і "гаваркая галава", а рэальная ўлада засяроджаная ў руках сямі чалавек. Іх мэта — развярнуць Беларусь на Захад.

Хто гэтыя шэрыя кардыналы, якія кіруюць краінай за шырмай аўтарытарнага лідара? Качанава, Сямашка, Шэйман, Вакульчык, Макей, Мясніковіч і Гуцэрыеў.

“Дилетант” разбушевался: вбросы пророссийских ТГ-каналов в Беларуси

Гэты пост — даслоўная капіпаста са створанага тады ж — 10 лютага — тэлеграм-канала "Минская семибоярщина". Там гэтыя развагі з'явіліся за гадзіну да публікацыі ў "Дилетанте". Пасты былі перадрукаваныя без пазначэння першакрыніцы. Дык у каго тут "партнёрская сетка"? І чыя яна?

Ідэалагічны лідар "мінскай сямібаяршчыны", на думку прарасійскіх тэлеграм-каналаў, — міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Пад яго кіраўніцтвам нібыта створаная сетка з "падручных" СМІ і тэлеграм-каналаў, якія сядзяць на заходніх грантах.

У пачатку красавіка "Дилетант" анансуе серыю пастоў пра "сетку Макея". Шкада, канала хапіла толькі на два пасты: пра Ігара Лосіка, які вядзе тэлеграм-канал "Беларусь головного мозга", і стваральніка "Мінскага дыялогу" Яўгена Прэйгермана. Пасля гэтага пра "сетку Макея" не ўспамінаюць да мая.

Сетка Эйсмант і брытанскія спецслужбы

А ў траўні "Дилетант" перайшоў ад "сеткі Макея" да "сеткі Эйсмант". Спярша нам намякаюць, што прэс-сакратар Лукашэнкі працуе на брытанскія спецслужбы і яны хочуць "прыбраць" кіраўніка Беларусі. Гэтыя здагадкі грунтуюцца на... інтэрв'ю Наталлі Эйсмант, у якім яна назвала Уінстана Чэрчыля адным з самых уплывовых людзей у гісторыі. А з сучаснікаў назвала Маргарэт Тэтчэр. Чэрчыль і Тэтчэр — брытанцы — брытанскія спецслужбы. Вось узровень аналітыкі ад аўтараў канала.

Сетка Эйсмант аказалася шырэйшая, чым макееўская. Туды ўвайшла разнамасная кампанія з двух журналістаў "Нашай Нівы", былога рэдактара "Хартыі'97" Фёдара Паўлючэнкі, еўразійца Аляксея Дзерманта, IT-блогера Сяргея Лаўрыненкі, аналітыка Аляксандра Шпакоўскага і палітаглядальніка Арцёма Шрайбмана. Усё гэта суправаджаецца деананімізацыяй каналаў, якія яны вядуць. Напрыклад, вы ведалі, што Шрайбман вядзе канал Shraibman?

Тры ў адным

Адстраляўшыся, "Дилетант" агаворваецца, што Наталля Эйсмант не дзейнічае самастойна. "Сетка Эйсмант" — толькі малая частка чагосьці большага. За ёй злавесна маячыць "аблашчаны ЦРУ, Дзярждэпартаментам ЗША і Фондам Сораса кіт беларускай палітычнай сцэны — міністр замежных спраў Уладзімір Макей". Інакш кажучы:

1. "Сетка Эйсмант" і заяўленая раней "сетка Макея" — гэта адно і тое.

2. "Дилетант" чамусьці забыўся пра сіянісцкую змову і рэптылоідаў.

Была яшчэ спроба разгайдаць тэму з "сеткай КДБ", але абарвалася пасля першага ж паста. "Дилетант" назваў толькі аднаго прадстаўніка — блогера Сяргея Ціханоўскага, аўтара ютуб-канала "Страна для жизни". Яго, дарэчы, на мінулым тыдні затрымала беларуская міліцыя. Падобна, вайна ведамстваў (іронія). Ці "агент уплыву" выйшаў з-пад кантролю (іронія).

(Мала)вядомы паліттэхнолаг

Выбары на постсавецкай прасторы — смачны кавалак для кожнага, хто хоча абвясціць сябе гуру палітычных тэхналогій і намацаць грашовы сасок. На постсавецкай прасторы поўна такога роду дзеячаў, якім вельмі хочацца падзарабіць на палітычнай кампаніі. У 2020 годзе іх увага прыкаваная да Беларусі.

І вось, нечакана на беларускім гарызонце з'яўляецца Уладзіслаў Рагімаў — малавядомы паліттэхнолаг, які круціў электаральныя хвасты дзесьці на задворках Расіі ці на трэціх ролях у Маскве. "Дилетант" паднёс яго, як "вядомага піяршчыка і паліттэхнолага з каманды Уладзіміра Зяленскага", які прыехаў дапамагчы камусьці з беларускіх палітыкаў трыумфальна выйграць будучыя прэзідэнцкія выбары.

“Дилетант” разбушевался: вбросы пророссийских ТГ-каналов в Беларуси
Уладзіслаў Рагімаў справа

У інтэрв'ю "Московскому комсомольцу" 8 красавіка Уладзіслаў Рагімаў расказвае, што ён у Мінску працуе паліттэхнолагам: "Не магу адкрыта сказаць, з кім цяпер працую, але гаворка не ідзе пра супрацоўніцтва з апанентамі Аляксандра Лукашэнкі".

Уначы 2 траўня Рагімаў апублікаваў зварот, у якім заявіў, што беларускія сілавікі пачалі супраць яго крымінальную справу па падазрэнні ў эканамічным злачынстве, правялі ператрус і канфіскавалі смартфон. Нейкім чынам паліттэхнолаг змог пасля гэтага пакінуць Беларусь.

Прыгожынскі паліттэхнолаг

Тэлеграм-канал "Белорусский порядок" правёў сваё расследаванне, дзе прыйшоў да высноў, што Рагімаў не мог працаваць у камандзе Зяленскага, паколькі ён — грамадзянін Расіі. Прыняць такога ў "Зе!каманду" — усё роўна, што абвясціць сябе палітычным трупам.

Аўтар "Белорусского порядка" звязвае Рагімава з ФСБ і "фабрыкай медыя" расійскага бізнесмена Яўгена Прыгожына, якая штампуе расійскія і псеўдазамежныя інтэрнэт-СМІ. Адным з такіх выданняў з'яўляецца сайт РІА ФАН. Інтэрв'ю для "Московского комсомольца" ў Рагімава браў Вадзім Манукян — гэта адзіная яго публікацыя на гэтым сайце. Але затое Манукян — пастаянны аўтар РІА ФАН. Тамсама, дарэчы, рэгулярна выходзяць каментары Уладзіслава Рагімава.

Менавіта Рагімава "Белорусский порядок" падазрае ў вядзенні тэлеграм-канала "Дилетант". Пакуль у паліттэхнолага не было смартфона і ён не дабраўся да Масквы, у канале не выйшла ніводнай публікацыі. Супадзенне?

Сам Рагімаў у курсе расследавання і заявіў, што гэта "чарговая порцыя адборнай лухты". "Любыя спробы прадставіць мяне адмінам ТГ-канала "Дилетант" і зусім выглядаюць неразумна", — дадаў ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі