Драгічынскага пенсіянера аштрафавалі за... будучую публічную малітву
Затрыманне Уладзіміра Бурштына за малітву / @christianvision
2 чэрвеня суд Драгічынскага раёна аштрафаваў на 555 рублёў пенсіянера, які маліўся ў скверы. Мужчыну прызналі вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 24.23 КаАП).
Як заўважыла "Медыязона", пад гэтае апісанне падыходзіць суд над баптыстам Уладзімірам Бурштынам.
У пастанове гаворыцца, што падзеі адбываліся... з 11 да 12 гадзін 27 верасня 2023 года — то бок, яны яшчэ здарацца праз амаль чатыры месяцы пасля суда. Маўляў, у скверы гарадскога пасёлка А. па вуліцы С. Драгічынскага раёна мужчына "ажыццяўляў чытанне пропаведзяў і спевы на рэлігійную тэму ў спецыяльна не прызначаным для гэтых мэтаў месцы пад адкрытым небам". Усё гэта адбывалася без дазволу Драгічынскага райвыканкама.
У Драгічынскім раёне ёсць гарадскі пасёлак Антопаль. Адзіны сквер у ім размяшчаецца на вуліцы Савецкай. Насупраць яго знаходзіцца Васкрасенская царква. Верагодна, гэтае месца і маецца на ўвазе ў судовай пастанове.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.