Drum Ecstasy выпусцілі сінгл для слухачоў 18+
Самыя знакамітыя беларускія бубначы Drum Ecstasy працягваюць выпускаць "песні з чалавечым голасам". Гэтым разам слухач можа зацаніць іспанамоўную "Happy Day". Аднак слухачу павінна перад праслухоўваннем споўніцца... 18 гадоў.
"Гэта традыцыйны іспанамоўны тост: "Уверх, уніз, у цэнтр, у сябе". Па прычыне таго, што гэта песня з алкагольнай накіраванасцю, мы паставілі ўзроставае абмежаванне 18+", — тлумачыць лідар гурта Філіп Чмыр.
Песня "Happy Day" была напісаная ў 1996 годзе, але пакладзеная ў доўгую шуфляду, бо вазіць на канцэрты "спевакоў" не прадстаўлялася для гурта магчымым.
"Але сэмплеры і новыя тэхналогіі вярнулі трэк у наш канцэртны плэйліст", — смяецца музыка.
У запісе сінгла ўзяла ўдзел студэнтка Лінгвістычнага ўніверсітэта.
"З'явіўся жаночы голас, і адразу стала ўсё добра — жанчыны ўсё ўпрыгожваюць, — працягвае Чмыр. — Дарэчы, наш наступны сінгл будзе на французскай мове і таксама жаночым. Ён будзе прысвечаны забароне жаночых грудзей пурытанскім грамадствам".
"Альбом з чалавечым голасам" Drum Ecstasy анансавалі яшчэ ў 2016 годзе. Пазней музыкі вырашылі абмежавацца выпускам сінглаў. Пасля выхаду нямецкамоўнага "Scheissе" музыкі вымушаны былі зрабіць паўзу — Алег Жукаў, гукарэжысёр, з якім працуюць бубначы, з'ехаў на ПМЖ у Харкаў. Цяпер праца ўзнавілася. У хуткім часе з'явіцца кліп на "Happy Day". У сеціве можна ўбачыць відэа са здымак.