Drum Ecstasy рыхтуюць арт-альбом "з чалавечым голасам"
![Drum Ecstasy рыхтуюць арт-альбом "з чалавечым голасам"](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/de.jpg.webp?itok=YjvdH-Cq)
Drum Ecstasy прыступілі да запісу свайго першага песеннага альбома пад назвай "Ху?".
"Так склалася, што ў розны час у нас ствараліся песні, якім быў неабходны вакал ці рэчытатывы. Такім чынам, яны ўсе адкладаліся, і цяпер іх накапілася дастаткова шмат для таго, каб увайсці ў адмысловы альбом", — тлумачыць мастацкі кіраўнік гурта Філіп Чмыр.
![Drum Ecstasy рыхтуюць арт-альбом "з чалавечым голасам"](/sites/default/files/paragraphs/image/who.jpg)
Па словах Філіпа, кожны трэк на альбоме ставіць розныя задачы, таму для іх рэалізацыі каманда збіраецца запрасіць некалькі вакалістаў ці чытальнікаў. Рэчытатывы для кружэлкі належаць аўтарству саміх Drum Ecstasy, а што тычыцца паэзіі, тым больш на замежнай мове, тут за справу бяруцца сябры гурта. Філіп абяцае, што на дыску прагучаць розныя мовы: іспанская, нямецкая, англійская, руская і беларуская.
"Трэба разумець, што на новым альбоме будуць творы, дзе прысутнічае чалавечы голас, — удакладняе Чмыр. — У гэтай кружэлцы ўсё падпарадкоўваецца менавіта таму, што ёсць напісаны матэрыял, на які просіцца голас. То бок, ён мусіць там нешта рабіць: ці чытаць, ці спяваць, ці скандзіраваць нейкія слоганы — так сачынілася. Да таго ж, мы постмадэрністы. Будзе шмат цытат. Мы іх вар'іруем. Гэта ўсё адно арт-прадукт, а не поп-прадукт, хоць гук і падача атрымліваюцца больш папсовымі, чым было раней у Drum Ecstasy".
Альбом "Ху?" будзе не цалкам "з чалавечым голасам". Чакаюцца і любімыя Drum Ecstasy інструментальныя кампазіцыі. Папярэднічаць кружэлцы будуць сінглы.
Цяпер музыкі запісваюць першыя тры кампазіцыі, у якіх прагучыць іспанскі тэкст. А першым вакалістам Drum Ecstasy стаў іспанскі студэнт, які працуе ў Беларусі валанцёрам. Нямецкі тэкст даручаць выкладчыку нямецкай мовы, бо ў песнях бубначоў вельмі важнае вымаўленне.