“Дынама-Мінск” будзе трэніраваць настаўнік нацыянальнай зборнай Андрэй Сідарэнка

“Дынама-Мінск” будзе трэніраваць настаўнік нацыянальнай зборнай Андрэй Сідарэнка

Новым галоўным трэнерам ХК “Дынама-Мінск” стаў Андрэй Сідарэнка, які цяпер з’яўляецца настаўнікам нацыянальнай зборнай, паведамляе прэс-служба клуба. Гэты спецыяліст змяніў на пасадзе Гордзі Дуаера, з якім каманда сёлета правальна гуляла ў Кантынентальнай хакейнай лізе і стаіць на апошнім месцы ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі.

Сідарэнку разглядалі як кандыдата нумар адзін на пасаду настаўніка “зуброў”. У мінскім “Дынама” ён пачынаў сваю трэнерскую кар’еру яшчэ ў 1990-я гады. Таксама ён трэніраваў “Хімік-СКА” і “Гомель”, працаваў з польскімі і расійскімі клубамі. У 2010-2013 гадах трэніраваў “Спартак” і “Трактар” — клубы з КХЛ. Летам гэтага года Сідарэнка прыняў кіраўніцтва зборнай Беларусі і цяпер будзе сумяшчаць працу з клубам і нацыянальнай камандай.

Яго памочнікам стане адзін з найлепшых беларускіх форвардаў Андрэй Кавалёў, які ўжо напрацаваў трэнерскі досвед. У трэнерскі штаб таксама ўвойдзе Дзмітрый Краўчанка — ён даволі хутка завяршыў кар’еру гульца праз траўму, але паспяхова трэніраваў дзіцяча-юнацкую школу гродзенскага “Нёмана”, фарм-клуб “Гомеля”. У 2009-2014 гадах працаваў з асноўнай камандай “Нёмана” і двойчы выводзіў яе на залатыя медалі.

З чальцамі абноўленага трэнерскага штаба заключылі кантракты да канца гэтага сезона.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі