Дыстанцыйка і адлічэнне за прагулы: што хочуць дадаць у Кодэкс аб адукацыі
У сістэме адукацыі зноў хочуць навесці "парадак" / калаж Еўрарадыё
"Обещанного три года ждут", — гэта фраза прымяняльная да новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Кіраўнік Мінадукацыі Ігар Карпенка з 2017-га паўтараў, што абноўленая версія дакумента будзе "вось-вось", але ў парламент яго ўнеслі толькі ў канцы 2020-га, а апублікавалі — у студзені 2021-га.
Фактычна апублікаваны варыянт Кодэкса — не проста папраўкі, а амаль цалкам перапісаны дакумент. Еўрарадыё вывучыла дзясяткі старонак праекта і адабрала асноўныя змены.
Перапоўненыя класы і ўсенавуч
Мінадукацыі рэалізавала некалькі раней агучаных ініцыятыў. Напрыклад, у Беларусі будзе ўведзены ўсенавуч — абавязковая сярэдняя адукацыя для ўсіх. Вяртанне да практык СССР — якраз тое, чаго можна чакаць ад міністра-камуніста.
Сёння абавязковая толькі базавая адукацыя (дзевяць класаў). Пасля прыняцця новага Кодэкса кожны павінен будзе адвучыцца ўсе 11 гадоў. Далей — як хто хоча.
Яшчэ адно новаўвядзенне: адмяняюцца абмежаванні па напаўняльнасці класаў. Гэта норма і так часта не выконвалася, месцамі ў адным класе было па 35 вучняў. Цяпер вызначаць дапушчальную колькасць дзяцей у класе будзе кіраўніцтва школы.
Больш увагі ў новай рэдакцыі Кодэкса аддадзена паняццю "шосты школьны дзень". Калі раней пісалі пра тое, што ў суботу могуць праводзіцца факультатывы, то цяпер — прафпадрыхтоўка, спартыўныя і культурныя мерапрыемствы (чытай — "добраахвотна-прымусовая" адпраўка на розныя падзеі) і да таго падобнае. Гэта значыць, вучоба як бы пяцідзённая, але і ў суботу хадзіць трэба.
Нарэшце заканадаўству перастане супярэчыць і адсутнасць уступных экзаменаў у гімназіі — гэта была адна з самых гучных ідэй Карпенкі.
Ёсць навіна, якая можа ўзрадаваць вучняў дзявятых і адзінаццатых класаў: для іх навучальны год скароцяць. Замест 30 траўня ён будзе заканчвацца 25-га: мяркуецца, што вызвалены час выпускнікі выдаткуюць на падрыхтоўку да іспытаў.
Пара дзён пропускаў — і адлічэнне
У сістэме вышэйшай адукацыі таксама ёсць навіны. Напрыклад, цяпер прасцей адлічваць студэнтаў: калі ўвосень-2020 гэта рабілі ў сумнеўнай адпаведнасці з заканадаўствам, то цяпер усё будзе вельмі лёгка.
Напрыклад, для адлічэння дастаткова будзе прапусціць без уважлівай прычыны 36 акадэмічных гадзін за семестр — гэта значыць 18 пар. Гэта чатыры дні заняткаў.
Упершыню ў заканадаўстве з'явіцца тэрмін "дыстанцыйная адукацыя". Раней яго не было, у тым ліку на гэта чыноўнікі ківалі пры адмове пераводзіць школьнікаў і студэнтаў на "дыстанцыйку" ў разгар пандэміі. Праўда, больш падрабязна пра новую форму адукацыі мы зможам даведацца толькі пазней — з палажэнняў, якія павінна будзе зацвердзіць Мінадукацыі.
Нормы Балонскага працэсу, у якім Беларусь фармальна захоўвае свой удзел, у новай рэдакцыі Кодэкса ніяк не адлюстраваныя. Напрыклад, няма ні слова пра выбарнасць рэктараў (адно з асноўных патрабаванняў) — толькі пра тое, што кіраўніка дзяржаўнага ўніверсітэта прызначаюць у парадку, які вызначае прэзідэнт.
Нават калі парламент прыме папраўкі ў Кодэкс увесну, пачне ён дзейнічаць толькі з наступнага года, таму новыя нормы пакуль прымяняцца не будуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.