Дэпутаты зрэзалі фінансаванне будоўлі садкоў і школ
Да канца года ў Мінску адкрыецца 10 новых дзіцячых садкоў. Пра гэта ў дакладзе прэзідэнту кажа міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. І тым жа часам дэпутаты сталічнага гарсавета перапісваюць гарадскі бюджэт: на будоўлю садкоў і школ у раёнах Каменная Горка, Брылевічы, Лябяжы і Масюкоўшчына... скарачаюць фінансаванне з 81 мільёна да 43-х.
"Хачу дзіця ўладкаваць. Ёсць у вас месцы?" — званю ў 211-ы садок, што ў Каменнай Горцы. — "Не, у нас ужо камплектаванне скончылася".
Пра "мы цалкам укамплектаваныя" кажуць і ў садку №100, "трапіць да нас малаверагодна" — у 108-м, у садку №250 пытаюцца пра ўзрост дзіцяці і расчароўваюць: "Месцаў свабодных няма". Толькі ў новым, 285-м, які мае адкрыцца ў канцы жніўня, чую абнадзейвальны адказ:
"Усё залежыць ад таго, як доўга вы стаіце ў чарзе. Звяртайцеся ва ўпраўленне адукацыі. Мы акурат укамплектоўваемся".
Уладкавацца ў садок у Каменнай Горцы, перасяліўшыся ў раён, напрыклад, у дадзены момант, амаль нерэальна. Усім, хто звяртаецца, упраўленне адукацыі прапаноўвае месцы ў дашкольных установах на тэрыторыі ўсяго Фрунзенскага раёна. То бок можна жыць на Каменнагорскай, а дзіця вазіць на Жудро. Ці Кальварыйскую. Пра гэта кажа намесніца старшыні адміністрацыі раёна Наталля Праскурава:
"Кожнае дзіця, якое звяртаецца да нас, месца ў дашкольнай установе атрымлівае".
Пры гэтым Наталля Праскурава сцвярджае, што пра змены ў гарадскім бюджэце, паводле якіх грошай на будоўлю садкоў будзе выдаткавана меней, чым планавалася, не чула:
"Адзін садок у Масюкоўшчыне сёлета быў здадзены, яшчэ два здаюцца ў жніўні і верасні ў Каменнай Горцы і тры праектуюцца. І пра тое, што па гэтых аб'ектах скарочанае фінансаванне, у нас інфармацыі няма. Звычайна мы пра гэта ведаем".
Ніякага скарачэння бюджэту на будоўлю не можа быць, настойвае і намесніца старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Святлана Дубрынская.
"Усё, што было запланавана, ідзе ў адпаведнасці з графікамі. Нават аб'екты ўводзяцца крыху раней, — рапартуе чыноўніца. — Сапраўды, была праведзеная нейкая аптымізацыя, мінімізацыя, але гэта было ў пачатку года. На дадзеным этапе ніякія сродкі не здымаліся. Я правяла аналіз — гэтага няма. Усё!"
Тым не менш праблема з садкамі ў горадзе актуальная.
"Мы жывем у Дражні. А садок, які нам прапаноўваюць, знаходзіцца на Захарава: ехаць туды вельмі далёка, з дзвюма перасадкамі, — кажа мінчанка Вольга. — Нам кажуць, што мы позна сталі на чаргу, калі дзіцяці было 4 месяцы. Маўляў, калі б сталі ў месяц, то дакладна б трапілі ля дома. Мы не ў курсе, што ў садках такі ажыятаж. Горад яны будуюць, дамы ўзводзяць, а дзіцячы садок — праблема".
На ўсю Дражню — толькі два садкі.
"Можна ўладкаваць сваё дзіця ў садок на Гедройца?" — званю ва ўпраўленне адукацыі Маскоўскага раёна. Там адказваюць: "Мы прапаноўваем садкі толькі ў Малінаўцы і Паўднёвым Захадзе. Бліжэй можна будзе перавесціся, калі з'явяцца вольныя месцы. Новага садка ў Брылевічах у найбліжэйшы час не прадбачыцца".
Сітуацыя дзіўная: садкоў у Мінску бракуе, чыноўнікі ад адукацыі кажуць, што ўсё ідзе па графіку, а дэпутаты скарачаюць бюджэт удвая. Як адаб'ецца скарачэнне грошай на будоўлі дашкольных установаў, незразумела. І патлумачыць гэта чыноўнікі не могуць. Ці не хочуць.