"Дзівосная рэч": што не так з ацэнкай наступстваў прыняцця нарматыўных актаў?

Фота з асабістага архіву Леаніда Фрыдкіна
Фота з асабістага архіву Леаніда Фрыдкіна

У Беларусі з 1 лютага пачынае дзейнічаць гістарычны дакумент: пастановай Саўміна №54 ад 25 студзеня ўводзіцца прагназаванне наступстваў прыняцця нарматыўных прававых актаў. Выглядае гэта прынамсі дзіўна: быццам 25 гадоў указы і законы падпісваліся без думак пра магчымыя наступствы, а цяпер сітуацыю вырашылі выправіць.

Прагназаваць наступствы прыняцця НПА будуць па чатырох асноўных пунктах: фінансава-эканамічныя наступствы (для бюджэту, даходаў і расходаў грамадзян), рэгулявальнае ўздзеянне дакумента на ўмовы вядзення бізнесу (залішнія абавязкі, забароны і абмежаванні, неабгрунтаваныя выдаткі для юрыдычных асоб і ІП), сацыяльныя наступствы, экалагічныя наступствы.

Эканамічны аглядальнік Леанід Фрыдкін адразу ўбачыў у дакуменце тры недахопы: у ім няма гарантый незалежнасці прагнозу; вынікі прагназавання можна праігнараваць; ацэньвацца будуць далёка не ўсе нарматыўна-прававыя акты.

"Тут атрымліваецца дзівосная рэч: тое, што больш за ўсё хвалюе бізнес (валютнае і падатковае заканадаўства і грашова-крэдытная палітыка), выпадае як з абавязковага публічнага абмеркавання, так і з прагназавання. Гэта вельмі істотна звужае кола нарматыўных актаў, якія будуць абмяркоўвацца і ацэньвацца", — канстатуе Леанід Фрыдкін.

Гаворка ідзе пра ацэнку НПА з пункту гледжання рэгулявальнага ўздзеяння. Наступныя дакументы яе праходзіць не павінныя (абзацы 2-6 пунктаў 3 часткi 2 арт. 45 закона № 130-З "Аб нарматыўных прававых актах"):

“Дивная вещь”: что не так с оценкой последствий принятия нормативных актов?
Закон Рэспублікі Беларусь № 130-З "Аб нарматыўных прававых актах"

Гэта не значыць, што частка дакументаў гарантавана не будзе абмяркоўвацца і ацэньвацца. Але, па словах эканаміста, "гэта ўсё застаецца на добрую волю чыноўнікаў, захочуць — зробяць, а не — дык не: клапаціцца пра грамадскія абмеркаванні і ацэнкі ўлады калі не захочуць, то і не будуць".

"Рэгулявальнае ўздзеянне — самая галоўная частка прагназавання з пункту гледжання бізнесу, — працягвае Фрыдкін. — Прагнозы аб тым, як нешта адаб'ецца на бюджэце, сацыяльнай і экалагічнай сферах, бізнес цікавяць у другую чаргу. А вось адзнака рэгулявальнага ўздзеяння на прадпрымальніцкую дзейнасць — пытанне жыцця і смерці".

Да гэтага часу ў абгрунтаванні НПА ўказвалася, што прыняцце гэтага нарматыўнага акта не пацягне стратаў для бюджэту або дадатковых расходаў бюджэту. "Ацэнка рэгулявальнага ўздзеяння мусіла б паказаць, як той ці іншы дакумент адаб'ецца на бізнесе. Калі б гэта рабілася, вядома, вынікі з'явіліся б вельмі хутка. Але ў нас, як звычайна, пайшлі сваім шляхам", — кажа эксперт.

"Вельмі важна, хто і як будзе ацэньваць наступствы прыняцця дакументаў"

Эканаміст адзначае, што нават з'яўленне механізму прагназавання ацэнкі рэгулявальнага ўздзеяння не гарантуе, што няўдалыя з пункту гледжання бізнесу нарматыўныя акты не будуць выдавацца.

"Вельмі шмат будзе залежаць ад таго, хто і як ацэньвае, — лічыць Леанід Фрыдкін. — У 54-й пастанове напісана, што ацэнку будуць праводзіць нейкія дзяржаўныя арганізацыі, могуць прыцягнуць для гэтага нейкіх іншых экспертаў. Пытанне ў тым, хто будуць гэтыя эксперты і ці будуць яны мець адпаведную кампетэнцыю, доступ да неабходнай інфармацыі".

Ён кажа, што, у адрозненне ад Беларусі, на Захадзе прагназаваннем наступстваў займаецца як дзяржава, так і магутныя незалежныя інстытуты:

"Яны валодаюць велізарнымі рэсурсамі, і там без перабольшання працуюць найлепшыя розумы дадзенай сферы. У нас жа бізнес-саюзы валодаюць вельмі сціплай экспертнай базай. Часцяком гэта людзі, якія слаба сабе ўяўляюць, пра што гавораць".

Доступ экспертаў наўпрост уплывае на ацэнку рызык:

"Напрыклад, ставіцца задача змяніць акцызы на тытунёвыя вырабы. У адкрытым доступе нават няма інфармацыі аб тым, колькі цыгарэт у нас выпускаецца. Значыць, без асноўных дадзеных пра тое, як палічыць гэтае ўздзеянне, ацэнка ператвараецца ва ўраўненне з бясконцай колькасцю невядомых".

"З'яўленне гэтай інструкцыі — гэта вельмі важны крок, — рэзюмуе Леанід Фрыдкін. — Але далей мусіць з'явіцца цэлы шэраг іншых, не менш важных крокаў. Вынікі падлікаў залежаць не толькі ад дазволу лічыць, але і ад таго, хто і як лічыць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі