Дзмітрый Быкаў адказаў на адкрыты ліст Уладзіміра Някляева
Расійскі пісьменнік і журналіст Дзмітрый Быкаў у праграме "Один" на радыёстанцыі "Эхо Москвы" зноў выказаўся на тэму беларускай культуры. Раней ён заявіў, што ў нашай краіне жахлівая дэградацыя на ўсіх узроўнях. Паводле слоў Быкава, ён за апошні час не бачыў у Беларусі ні "вялікай літаратуры", ні "сур'ёзнай драматургіі, кінематографу", "нічога, што магло б неяк справакаваць культурны выбух". У адказ беларускі паэт Уладзімір Някляеў змясціў на сваёй старонцы ў Facebook адкрыты ліст.
У новай праграме Дзмітрый Быкаў патлумачыў сваю пазіцыю. "Я не спрабую ўказваць беларускім аўтарам, як ім жыць... З Някляевым я гатовы гэтую праблему абмяркоўваць", — кажа ён. Расійскага пісьменніка абурылі блогеры, якія яму хамілі, журналісты, якія "на гэтай праблеме хочуць хайпануць і паспяшылі наляцець".
Быкаў прызнаецца, што часам чытае па-беларуску. Таго ж Уладзіміра Караткевіча, з сучасных аўтараў — Альгерда Бахарэвіча: "Можа быць у сённяшняй беларускай прозе ён адзіны сапраўдны арыгінальны аўтар". Пры гэтым Быкаў гаворыць, што "такіх з'яваў, як Адамовіч, Караткевіч, Быкаў сённяшняя беларуская літаратура не дае". Ён не выключае, што інтэлектуальныя сілы аслаблены ад'ездам творцаў за мяжу.
Дзмітрый Быкаў не хоча, каб беларускія інтэлектуалы "будавалі нацыянальную ідэнтычнасць на пачуццях варожасці да Расіі". Праўда, прызнае, што падставы для гэтага яна дае. Але Быкаў не хоча такой "страшнай сітуацыі", бо бачыць адметную ролю РФ у фармаванні беларускай культуры ў ХХ стагоддзі.
"Абмеркаванне сучаснай беларускай культуры вельмі абцяжарана цэлым комплексам вельмі складаных адносін унутры самой гэтай культуры", — робіць выснову Быкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.