Эфір Нобелеўскай прэміі бясплатны, але замест Алексіевіч будзе Малахаў
Асноўныя беларускія тэлеканалы не будуць весці трансляцыю цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі, дзе ўзнагароду па літаратуры атрымае пісьменніца Святлана Алексіевіч.
“Нам ніхто не прапаноўваў набываць правы на трансляцыю, — адразаюць у прэс-службе АНТ. — А самі мы не планавалі. У нас будзе інфармацыйнае асвятленне гэтай падзеі ў навінах”.
“У сувязі з наяўнасцю пэўных арганізацыйных, тэхнічных, фінансавых і юрыдычных пытанняў і аспектаў, Белтэлерадыёкампанія не планавала набыццё правоў на жывую трансляцыю цырымоніі ўзнагароджання Нобелеўскай прэміяй 2015 года, — як па паперцы тлумачыць старшыня прэс-службы БТ Святлана Смалонская-Краскоўская. — Тэле- і радёканалы нашага холдынгу плануюць шырока асвятляць дадзеную падзею ў інфармацыйным ключы”.
Што ж гэта за “пэўныя пытанні ды аспекты”, прадстаўніца БТ каментаваць адмаўляецца. Ды і ці могуць яны існаваць у прынцыпе?
“Самы прасты шлях — гэта быць падпісантам Reuters ці IPTM. Вы зможаце браць трансляцыю і запісы наўпрост адтуль, — кажа Еўрарадыё прадстаўніца Нобелеўскага камітэта, якая адказвае за сувязі з медыя. — То бок вы будзеце мець усе правы, што маюць яны. Я не магу сказаць, колькі дакладна будзе глядзець трансляцыю. Але толькі Reuters і IPTM мае прыблізна 1500 падпісантаў”.
Але і гэта не адзіная магчымасць трансляцыі цырымоніі ўзнагароджання нобелеўскай прэміі!
“Існуе такое згуртаванне публічных і дзяржаўных тэлеканалаў European Broadcasting Union (Еўрапейскі вяшчальны саюз, — Еўрарадыё), у межах якога каналы абменьваюцца тымі здымкамі, што маюць, — дзеліцца кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм тэлеканала "Белсат" Аляксей Дзікавіцкі. — Асобна за кадры плаціць не трэба, там ёсць нейкія невялікія ўнёскі. І вось калі аднаму тэлебачанню трэба выкарыстаць здымкі іншага тэлебачання, то гэта проста робіцца. Для гэтага не трэба ніякай акрэдытацыі ці чаго іншага”.
Белтэлерадыёкампанія дакладна з’яўляецца ўдзельнікам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Іначай не было б у Беларусі “Еўрабачання”. То бок “пэўныя пытанні ды аспекты” для БТ аўтаматычна перастаюць існаваць.
Непасрэдна ўзнагароджанне нобелеўскіх лаўрэатаў пройдзе 10 снежня ў Стакгольме. Беларускую пісьменніцу будзе суправаджаць кароль Швецыі Карл Густаў XVI. А 7 снежня, напярэдадні цырымоніі усе лаўрэаты, у тым ліку і Святлана Алексіевіч, выступяць з так званай "Нобелеўскай мемарыяльнай лекцыяй". У гутарцы з "Радыё Свабода" беларуская пісьменніца паведаміла, што будзе казаць пра сучасную Беларусь цвёрда і сурова "але так мы жылі і жывём". Святлана Алексіевіч паабяцала ўзгадаць і падзеі пасля выбараў у 2010-м годзе, “як дзеці выйшлі на плошчу і як яны спрабавалі супраціўляцца”.
Падчас лекцыі Святланы Алексіевіч (7 снежня, 19:30) па беларускім тэлебачанні будзе ісці:
- БТ-1: праграмы “Арена” і “Зона Х. Криминальные новости”.
- БТ-2: кулінарная камедыя "Кухня" (Расія) і камедыйная меладрама "Васьмідзесятыя" (Расія).
- АНТ: праграмы "Жди меня" і расійскія навіны “Время”.
- СТБ: праграмы "24 часа" і "Столичные подробности".
У момант уручэння беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры (10 снежня, 18:30):
- БТ-1: праграмы “Белорусское времечко”, “Новости региона”, “Новости”.
- БТ-2: Фантастычна-прыгодніцкі серыял "Бафі — знішчальніца вампіраў" (ЗША), кулінарная камедыя "Кухня" (Расія).
- АНТ: серыял "Татавы дочкі", "Пусть говорят" з Андрэем Малахавым.
- СТБ: праграма "Документальный проект": "Астрономы древних миров".
Паглядзець цырымонію ўручэння нобелеўскай прэміі можна будзе на YouTube. Лекцыя Святланы Алексіевіч будзе транслявацца тут:
А непасрэдна цырымонія будзе транслявацца тут: