ЕГУ на мяжы закрыцця: універсітэту адмаўляюць у акрэдытацыі ў Літве
Камісія Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі Літвы (SKVC) дала незадавальняючую ацэнку Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту і не рэкамендавала яго да акрэдытацыі. Справаздача пра гэта размешчаная на сайце арганізацыі. "Універсітэт у выгнанні" праваліўся па двух з чатырох параметраў: "стратэгічнае планаванне" і "навуковая / мастацкая дзейнасць".
У 2014 годзе SKVC ужо давала негатыўную аэцнку працы ЕГУ. Універсітэт быў акрэдытаваны на тры гады. Паўторная праверка прайшла з 14 па 19 кастрычніка. Высновы камісіі апублікаваныя 21 снежня.
Універсітэт збірецца аспрэчваць вынікі аўдыту. Каб зрабіць гэта, у яго ёсць 30 дзён. "Кіраўніцтва ЕГУ шкадуе, што ў сваёй справаздачы Цэнтр не ўлічыў палітычную важнасць універсітэта для Беларусі", — сказана ў афіцыйным звароце на сайце Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
На сустрэчы са студэнтамі прадстаўнікі адміністрацыі ЕГУ заявілі, што ў выпадку адмовы ўніверсітэт так ці інакш працягне сваю працу. У адказ на пытанне: "Як менавіта?" спадар Ёрган Ёргенсан, які выконвае абавязкі рэктара ўніверсітэта, даў зразумець, што праблема будзе вырашаная шляхам перамоваў з урадам Літвы, "улічваючы значнасць ЕГУ як палітычнага праекта".
Ужо зараз ЕГУ адмаўляецца ад сумеснай з Універсітэтам Вітаўта Вялікага ў Каўнасе праграмы "Сусветная палітыка і эканоміка", якой адмоўлена ў акрэдытацыі. Адміністрацыя ЕГУ звярнулася ў Мінадукацыі Літвы з просьбай дазволіць ужо прынятым студэнтам скончыць навучанне.
Пераезд ЕГУ ў новы корпус, які мусіў пачацца ўжо сёлета, адкладаецца на 2018 год.
Ёрган Ёргенсан складзе з сябе абавязкі рэктара па заканчэнні кантракта. Яго абавязкі будзе часова выконваць прафесар Аляксандр Калбаска. На пасаду рэктара ЕГУ ўжо абраны кандыдат, які прыняў умовы супрацоўніцтва з універсітэтам. Яго імя не будзе агучвацца, пакуль універсітэт не атрымае акрэдытацыю.