Экс-міліцыянта ў Брэсце асудзілі па "справе ЧКБ" на 8 гадоў

Кірыл Гняздзілаў

Кірыл Гняздзілаў / brestspring.org

Брэсцкі абласны суд вынес па "справе Чорнай кнігі Беларусі" прысуд былому міліцыянту, піша "Брэсцкая Вясна".

Кірыл Гняздзілаў з 2007 года служыў у міліцыі аператыўным упаўнаважаным. У жніўні 2020-га ён звольніўся і перайшоў у IT-сферу.

Вядома, што экс-міліцыянта затрымалі на мяжы 19 лютага 2023 года. Паўгода ён жыў у Польшчы і вырашыў прыехаць у Брэст наведаць жонку і маленькае дзіця.

Суд над Гняздзілавым быў закрыты. Вядома, што яго справа была звязаная з "Чорнай кнігай Беларусі" — ініцыятывай, якая публікавала звесткі сілавікоў і іншых людзей, датыных да палітычных рэпрэсіяў. Вінавацілі экс-міліцыянта  па двух артыкулах — садзейнічанне распальванню варожасці (ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 130 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці (ч. 3 арт 203-1 КК).

Справу разглядаў суддзя Андрэй Лешчанка. Ён прысудзіў Гняздзілаву восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама экс-міліцыянт павінен выплаціць маральную кампенсацыю двум пацярпелым: 2000 і 1000 рублёў адпаведна. Акрамя таго Гняздзілава пазбавілі капітанскага звання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі