Эксперт: Без лідараў апазіцыі акцыі пратэстаў пойдуць на спад
На мінулых выхадных падчас акцый пратэстаў у розных гарадах Беларусі адбыліся масавыя затрыманні палітычных актывістаў і журналістаў. Еўрарадыё цікавіцца ў эксперта Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Алены Арцёменка, ці працягнуцца акцыі без лідараў апазіцыі і чаго далей чакаць ад беларусаў у сувязі з дэкрэтам №3.
Еўрарадыё: Пасля таго, як прайшлі першыя акцыі "недармаедаў" у Беларусі, вы прагназавалі, што калі пачнуцца жорсткія затрыманні, то яны, верагодней за ўсё, пойдуць на спад. Пачаліся затрыманні, БТ нават паказвала свае фільмы з папярэджаннем. А людзі выйшлі і ў нядзелю. Пра што гэта сведчыць?
Алена Арцёменка: Цягам тыдня было бачна, што рыторыка ўладаў дастаткова чоткая. У ёй падзяляецца абвінавачванне лідараў апазіцыі, якія "імкнуцца асядлаць" народны пратэст, і лаяльнае пазітыўнае стаўленне да людзей, гатовых выйсці, пратэставаць і падтрымліваць дыялог з мясцовымі ўладамі. Як мне падаецца, супраць простых удзельнікаў акцыі не будуць прымяняцца жорсткія меры. А супраць лідараў апазіцыі, якія былі каталізатарам і арганізатарам гэтага народнага пратэсту, прымяняюцца дастаткова стандартныя для нас меры барацьбы.
Еўрарадыё: Паколькі палітычныя сілы былі каталізатарам гэтых пратэстаў, а цяпер іх лідары на сутках, пратэсты працягнуцца ці не?
Алена Арцёменка: Мяркую, што яны пойдуць на спад, па-першае, таму што людзі паступова разбяруцца ў мараторыі на дэкрэт №3 і ў тым, што нейкім чынам улады да іх патрабаванняў прыслухаліся. Па-другое, сапраўды, без арганізуючай сілы не будзе таго маштаба акцыі 25 сакавіка, якой можна было чакаць, і паступова рэгіянальная актыўнасць знізіцца.
Еўрарадыё: Людскі пратэст выйшаў за межы незадаволенасці самім дэкрэтам і стаў эканамічным пратэстам. Ці сапраўды гэта так?
Алена Арцёменка: Гледзячы па тым, што нават пасля пэўных крокаў у кірунку дэкрэта з боку ўладаў акцыі працягнуліся, гэта кажа пра агульны ўзровень незадаволенасці. Насамрэч, знізіўся ўзровень жыцця, знізіліся прыбыткі цягам 2015-16 гадоў. Па рэгіянальнай актыўнасці бачна, што гэта тычыцца рэгіёнаў у першую чаргу. Бо там нізкая мабільнасць, яны не настолькі вольныя, каб змяняць месца працы і месца жыхарства. Гэтыя назапашаныя эканамічныя праблемы ў рэгіёнах паказваюць такую актыўнасць.
Еўрарадыё: Людзі з часам разбяруцца з мараторыем на Дэкрэт №3, але эканамічныя праблемы ў рэгіёнах застануцца...
Алена Арцёменка: Эканамісты прагназуюць некаторае ўзнаўленне тэмпаў росту і рост у 2017 годзе. Думаю, эканоміка будзе ўзнаўляцца і прыстасоўвацца. Таму для маштабных пратэстаў умовы складвацца не будуць.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, што калі з дэкрэтам разбяруцца, то няма чаго патрабаваць, выходзячы на вуліцы?
Алена Арцёменка: Ёсць што патрабаваць. Усе структурныя змены, якія робяцца, напрыклад, павышэнне тарыфаў ЖКГ, пераход да рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў (а гэта давядзецца рабіць), могуць выклікаць пратэсты. Прычым, хутчэй, левага, чым правага толку. Гэтыя пратэсты будуць накіраваныя супраць тых рэформ, да якіх заклікаюць лідары апазіцыі, асабліва правага крыла, і эксперты з эканамістамі. Таму, натуральна, будуць каталізатары для народных пратэстаў. Гэта яшчэ наперадзе. Але ў бліжэйшы час асаблівых зменаў умоваў не прадбачыцца.
Еўрарадыё: Якія вашы прагнозы наконт дзеянняў улады, улічваючы затрыманне журналістаў і лідараў?
Алена Арцёменка: Думаю, што па меры магчымасці ўлада будзе ўсё захоўваць у мірным рэчышчы. Але мы бачым, што дадзены сігналы лідарам апазіцыі. У іх не будзе магчымасці беспакарана ладзіць несанкцыянаваныя акцыі, як гэта было цягам апошніх двух гадоў.