Фота: БРСМ зрабіў свой варыянт вышыванкі
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі распрацаваў свой варыянт вышыванкі, распавядае сайт БРСМ.
Асновай малюнка стала выява чырвоных яблыкаў сярод зялёных галін як знака маладосці і творчасці. Усё гэта зроблена на белым фоне. "Яблык са старажытных часоў у славянскай культуры з'яўляецца пладом, які сімвалізуе дастатак, міралюбнасць, вечную маладосць. Дарэчы, сувязь паміж яблыкам і яблыняй мае асаблівае значэнне. Яна адлюстроўвае пераемнасць пакаленняў, імкненне дзяцей працягваць справы сваіх бацькоў", — тлумачаць у БРСМ.
Паведамляецца, што майку-пола са стылізаваным пад вышыванку малюнкам распрацавалі ўдзельнікі конкурсу "100 ідэй для Беларусі".
Дарэчы, з першага погляду "бээрэсэмаўская вышыванка" нагадвае не беларускія, а ўкраінскія матывы.
Першымі абноўку прымерылі ўдзельніцы беларускага фіналу міжнароднага студэнцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства "Каралева Вясна-2016", які пройдзе ў Мінску 26 траўня.