Футбольны скандал: гулец і масажыст брэсцкага "Дынама" пагражалі суддзям
"Дынама-Брэст" — "Віцебск" / t.me/dynamobrest
18 красавіка ў 5-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе чэмпіёны краіны — "Дынама" (Брэст) — гулялі ў гасцях з "Віцебскам". Берасцейцы прайгралі з мінімальным лікам 1:0. Прычым дагульваць ім давялося ўдзевяцёх: на 73-й хвіліне быў выдалены Габі Кікі, а на 85-й — Яўген Хачарыдзі.
Адзіны гол віцябчане забілі ў самым фінале гульні, на 87-й хвіліне, з пенальці. Дакладным ударам адзначыўся малдаванін Іён Нікалаеску, які выйшаў на замену ўсяго за 10 хвілін да эпізоду.
Па звестках "Прессбола", пасля гульні абаронца "Дынама" Яўген Хачарыдзі і масажыст каманды Сяргей Лапіцкі ўступілі ў канфлікт з суддзямі. У пратаколе матчу сказана, што Лапіцкі нецэнзурна абражаў судзейскую брыгаду і пагражаў фізічнай расправай. А Хачарыдзі ў падтрыбунным памяшканні спрабаваў ударыць галоўнага суддзю матча Сяргея Чыстова.
"Дынама-Брэст" пасля 5 тураў чэмпіяната займае ў турнірнай табліцы 10-е месца. "Віцебск" жа ў шэрагах лідараў першынства — на трэцім радку табліцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.