Фёдар Шведаў за данаты на $40 асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў "хіміі"
Фёдар Шведаў
Зорку беларускага "Што? Дзе? Калі?" Фёдара Шведава прызналі вінаватым у "прадастаўленні грашовых сродкаў любым спосабам для свядомага забеспячэння дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання". За данаты на $40 ён асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на "хімію"). Суд канфіскаваў мабільны тэлефон, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.
Шведаў быў затрыманы 26 студзеня 2024-га, але пра гэта стала вядома толькі ў пачатку красавіка. Яго справу разглядаў Гродзенскі абласны суд.
Абвінавачаны віну прызнаў часткова, сказаў, што не меў намеру на прадастаўленне грашовых сродкаў "экстрэмісцкім фармаванням". Грошы ён пераводзіў у дабрачынных мэтах для аказання дапамогі ў аплаце штрафаў, паслуг адвакатаў, медыкаментаў пратэстоўцам. Вядома, што са снежня 2020-га да сакавіка 2021 года заданаціў 52 рублі 88 капеек ініцыятыве "Честные люди", 26 рублёў 7 капеек — ініцыятыве "Беларуская Рада культуры", яшчэ 26 рублёў 20 капеек — фонду By_Help.
Фёдару Шведаву 48 гадоў. Ён са Светлагорска, скончыў фізфак Гродзенскага дзяржуніверсітэта. Разам з сям'ёй жыве ў Ашмянскім раёне, мае траіх дзяцей (двое дарослых і адзін непаўнагадовы). У "Што? Дзе? Калі?" гуляе з 2006-га, удзельнічаў амаль ва ўсіх рэспубліканскіх спаборніцтвах. У 2017-м Шведаў атрымаў Вялікую крыштальную саву як лепшы гулец сезона.
Беларускія праваабаронцы прызналі Фёдара Шведава палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.