Галоўнаму рэдактару "Нашай Нівы" адмовіліся змяніць меру ўтрымання
СК адмовіўся змяніць меру ўтрымання галоўнаму рэдактару "Нашай Нівы" Ягору Марціновічу. Спаткацца са сваякамі яму таксама не дазваляюць.
Марціновіч звяртаўся з хадайніцтвам аб змене меры ўтрымання — пад асабістае паручальніцтва, удакладняе "Наша Ніва". Два вядомыя беларускія навукоўцы паведамілі СК, што гатовы паручыцца за Марціновіча. Аднак следчы адхіліў хадайніцтва.
Таксама родным Ягора адмаўляюць у спатканні з ім. Прадастаўленне спаткання з роднымі, як лічыць СК, "не спрыяе ўсебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму вывучэнню абставінаў крымінальнай справы".
Між тым 3 верасня ў Ягора дзень нараджэння. Палітвязня можна падтрымаць, даслаўшы яму ліст па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА № 1.
Нашаніўцы былі затрыманыя 8 ліпеня. Пазней следчыя выпусцілі бухгалтарку Вольгу Раковіч і галоўнага рэдактара часопіса "Наша гісторыя" Андрэя Дынько. За кратамі застаюцца галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу выдання Андрэй Скурко.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.