У Мінску ў асобных дамах увялі каранцін
Расце колькасць масавых кантактаў з жывёламі, хворымі на шаленства (ілюстрацыйнае фота)
У Мінску ў асобных дамах увялі каранцін. Прычынай сталі выяўленыя выпадкі шаленства ў жывёл (сёлета яны фіксаваліся ў Мінскім раёне), лабараторна пацверджана заражэнне ў катоў і аднаго кажана. Мінская гарадская ветэрынарная станцыя паведаміла пра гэта ветэрынарным клінікам. Каранцін увялі ў чатырох дамах: у Заводскім раёне па вуліцы Пляханава, 1 і Байкальскай, 3, у Савецкім раёне па вуліцы Леаніда Бяды, 45 і ў Маскоўскім раёне па вуліцы Голубева, 14, піша tochka.by.
У ветстанцыі Маскоўскага раёна кажуць, што жыхарам суседніх дамоў "няма пра што непакоіцца". І нагадалі пра галоўны сродак прафілактыкі — прышчэпку ад шаленства для хатняй жывёлы. Дарэчы, у 2024 годзе ў Мінску зафіксавалі 17 выпадкаў шаленства: па 5 — у хатніх катоў і кажаноў, 3 — у лісаў, па адным — у сабакі, дэкаратыўнага пацука, вожыка і дзікай куніцы.
У пачатку восені ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя адзначалі, што ў Беларусі расце колькасць масавых кантактаў з жывёламі, хворымі на шаленства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.