Гандаль палітвязнямі ці працяг санкцый: як быць Захаду з рэжымам Лукашэнкі?

Аляксандр Лукашэнка / ТАСС
Аляксандр Лукашэнка / ТАСС

Хіба не амаральна весці гандаль палітвязнямі з рэжымам Лукашэнкі? Пра гэтае пытанне ў эфіры Еўрарадыё мы разважалі з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.  

“Тыя людзі, што знаходзяцца ў Беларусі за кратамі, — гэта палітычныя зняволеныя, але не ваенныя палонныя. Тут жа ўзнікае пытанне, хто з кім мусіць весці перамовы? Перамовы ўладаў з Офісам Ціханоўскай выглядаюць нерэалістычна, бо беларускі рэжым не ўспрымае Ціханоўскую як нейкага партнёра. Калі беларускія ўлады былі б гатовыя нешта рабіць у дачыненні да палітвязняў, то гэта б былі перамовы, якія яны жадалі весці напрамую з Захадам і атрымаць за вызваленне палітвязняў нешта ад Захаду. Для Захаду гэтае пытанне зусім не з’яўляецца прыярытэтным”.    

Аднак Алесь Бяляцкі, на думку Фрыдмана, будзе тым палітвязнем, пра якога Захад не забудзе.

“Вядома, што ёсць сітуацыі, асабліва цікавыя для Захаду. Напрыклад, Алесь Бяляцкі — нобелеўскі лаўрэат. Для заходняга свету гэта павінна быць досыць прынцыповая справа, прынамсі паспрабаваць выцягнуць. Бо такія спробы былі. Ёсць досвед у Кітаі з кітайскім нобелеўскім лаўрэатам Лю Сяабо, пісьменнікам і дысідэнтам. Ён атрымаў прэмію, калі таксама знаходзіўся за кратамі, дзе ў яго моцна пагоршылася здароўе — з’явілася анкалогія.

Што зрабіў Захад? На ўзроўні урадавым, прэзідэнцкім і канцлерскім патрабавалі вызвалення. Што зрабіў Кітай? Улады наплявалі на ўсё гэта. Яны яго вызвалілі, калі са станам здароўя ужо ўсё было дрэнна, і накіравалі ў турэмны шпіталь. Там гэтая гісторыя і скончылася.

Лукашэнка — гэта, вядома, не Кітай. Гэта куды менш сур’ёзны ўзровень. І, вядома, у выпадку з Бяляцкім на Беларусь будуць ціснуць. Для рэжыму гэты кейс будзе непрыемным, бо пра Бяляцкага будуць нагадваць, бо ён нобелеўскі лаўрэат”.

Можа, варта гранты, якія выдзяляюцца беларускаму грамадству, пусціць на выкуп палітычных зняволеных?

“Такое немагчыма, бо адкрыта гэтым ніхто займацца не будзе. “Даем Лукашэнку грошы, а ён вызваляе палітвязняў” — з маральнага пункту гледжання гэта бізнес з чалавекам, які мае закладнікаў. Заходняя пазіцыя? Там абураюцца ўсім тым, што адбываецца ў Беларусі, яны заклікаюць рэжым Лукашэнкі вызваліць палітвязняў. Але каб Захад умяшаўся і пачаў рабіць рэжыму нейкія прапановы — не, бо Захад не лічыць гэта сваёй справай. Прапаноўваць грошы дыктатару, які парушае ўсе правы чалавека, — гэта не тыя практыкі, якія на Захадзе лічацца прымальнымі”.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі