За маркі ФРГ, каву і алей. Як Заходняя Германія выкупала ў ГДР тысячы чалавек
Калі "асаблівыя намаганні" апынуліся больш эфектыўнымі за "глыбокую заклапочанасць" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кожны раз, як заходзіць гаворка аб выкупе беларускіх палітвязняў, хтосьці прыводзіць у прыклад ГДР. Тады за 36 гадоў Захад літаральна выкупіў у Усходняй Германіі больш 33 тысяч палітвязняў.
Мы прыгадалі, як гэта стала магчыма. І папрасілі гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана прааналізаваць, ці могуць беларускія дэмсілы пайсці тым жа шляхам — і проста выкупіць сваіх.
Тры вагоны калію за свабоду 15 чалавек
Больш за трыццаць гадоў з турмы Касберш у ГДР на тэрыторыю ФРГ ездзіў падазроны аўтобус. У ім быў кандыцыянер і кававарка. Грала прыглушаная музыка, стаяў пах свежай кавы. Заходняй.
Калі аўтобус прыязджаў у Заходнюю Германію, кіроўца націскаў кнопку на прыборнай панэлі. Нумарныя знакі пераварочваліся і ператвараліся з усходнегерманскіх — у заходнегерманскія.
Гэты аўтобус вывозіў палітвязняў на Захад, пра гэта піша ў сваёй кнізе "Берлінская сцяна" нямецкі гісторык Ханс-Херман Хертле. Але гэтым рэйсам кожны раз папярэднічалі перамовы і таргі. З 1963 па 1989 год ФРГ выкупіла з турмаў ГДР 33 тыс. 755 чалавек. І заплаціла за гэта Усходу амаль 3,5 мільярда нямецкіх марак.
Пратэстанцкая царква была першай, хто паспрабаваў наладзіць перамовы з ГДР. І аказалася, што Усход гатовы адпусціць палітвязняў. За першых 15 вызваленых запатрабавалі 3 вагоны калійных угнаенняў.
Дабрачынная пратэстанцкая арганізацыя Diakonisches Werk змагла дамовіцца з федэральным урадам і атрымала грошы на "выкуп". Потым да справы падключыўся і сам ўрад. Гэтыя перамовы чыноўнікі сталі называць кодавымі словамі “асаблівыя намаганні”.
“Дойчэ маркі”, кава і трапічная садавіна
Спачатку ГДР гатовая была вызваліць аднаго палітвязня за 40 тыс. нямецкіх марак. Праз 10 гадоў гэтая сума вырасла да 95 тыс. нямецкіх марак.
— Часам гэта адбывалася публічна, часам — не, але агулам было вядома, што практыка выкупу палітвязняў існуе. Урэшце, ФРГ была дэмакратычнай дзяржавай, і прэса Заходняй Германіі нават у тых выпадках, калі ўлады не хацелі пра гэта расказваць адкрыта, усё ведала, і паведамляла пра гэта.
Але маштабы працэсаў сталі зразумелыя ўжо пасля таго, як ГДР спыніла сваё існаванне, калі архівы Штазі адкрылі і гісторыкі змаглі рэканструяваць гэтыя падзеі, — кажа Еўрарадыё гісторык Аляксандр Фрыдман.
ФРГ не вельмі хацелася плаціць наяўнымі, а Усход згаджаўся прымаць у якасці выкупу тавары — ад кадмію і натуральнага каўчуку да расліннага алею, кавы і трапічнай садавіны.
І з 1968 года атрыманыя ад Захаду тавары пачалі прадаваць на міжнародным рынку, каб атрымліваць цвёрдую валюту. У тагачаснага кіраўніка Штазі Эрыха Мільке для гэтага быў адкрыты спецыяльны рахунак у дзяржбанку. А з 1974 года цвёрдая валюта пацякла на рахунак генеральнага сакратара Эрыка Хонекера.
— Гэта быў адзін з артыкулаў даходу ГДР. Падыход такі: у нас ёсць рэсурс, які можна прадаць. І ёсць людзі, якія хочуць купіць, у якіх ёсць грошы. Калі іх задавальняе сума, мы гэтае дзельца абцяпваем, — тлумачыць Фрыдман. — Выпхнуў з краіны чалавека, які падбухторваў народ, быў для цябе праблемай — ды яшчэ і зарабіў. Для ГДР гэта падавалася прывабным, і “рэсурс”, які можна абменьваць, — дысідэнты — быў бясконцы.
А яшчэ сярод зняволеных былі даволі вядомыя людзі, якіх лягчэй было проста выкінуць з краіны і не даваць справе розгаласу.
Для ФРГ гэта таксама было выгадна. З аднаго боку, яна магла сабе фінансава дазволіць такія здзелкі, з другога — магла паказаць сябе як дзяржаву, пабудаваную на прынцыпах гуманізму, якая дбае пра захаванне правоў чалавека. Так што пэўны эгаізм у пазіцыі ФРГ прысутнічаў: “Вось, паглядзіце, якія мы гуманісты. А рэжым ГДР дакаціўся да гандлю сваімі грамадзянамі”.
Каго вызваліць першым?
Федэральны ўрад Заходняй Германіі падтрымліваў сувязь з сябрамі і сваякамі палітвязняў і ўносіў іх імёны ў спісы, піша даследчык Ян Філіп Вельберн у кнізе "Выкуп зняволенага з ГДР". Гэтыя спісы адпраўляліся да адваката з Усходняй Германіі Вольфганга Фогеля. Таго самага Фогеля, які адказваў за абмен амерыканскага лётчыка Гары Паўэрса на савецкага выведніка-нелегала Рудальфа Абеля.
Складзеныя на захадзе спісы Фогель перадаваў у Штазі. Як толькі не называлі гэтага адваката. І “канатаходцам паміж светамі”, і “прыхвастнем Штазі”, і адвакатам д'ябла, і гандляром людзьмі. Але многія паняцця не мелі пра існаванне Фогеля, пакуль не траплялі ў турму.
Фогель перадаваў спісы ў Штазі, дзяржбяспека правярала іх і высылала назад на захад з каментарамі і пазнакамі: каго яны згодныя вызваліць, а каго — не. Федэральны ўрад адмаўляўся проста так выдаляць імёны са спісу, шукаў кампраміс. І пачынаўся гандаль. За некаторых зняволеных патрабавалі ў некалькі разоў больш, чым звычайна — да 200 тыс. марак.
“У кіраўніцтва ГДР не было патрэбы спыніць рэпрэсіі”
Amnesty International лічыць, што гатовасць плаціць выкуп за палітвязняў правакаваў ГДР на новыя рэпрэсіі. Напрыклад, у 1979 годзе тэрмін пазбаўлення волі за нелегальнае перасячэнне мяжы павялічылі ад пяці да васьмі гадоў.
Фрыдман пагаджаецца: сітуацыя ўнутры ГДР не паляпшалася.
— Да памяншэння колькасці палітвязняў у ГДР гэтыя перамовы не прывялі. Наадварот. І не маглі прывесці ў прынцыпе. Таму што для ГДР гэта было артыкулам прыбытку, і ў кіраўніцтва не было ніякай патрэбы спыняць рэпрэсіі.
Што думаюць пра гэты гандаль людзьмі самі вызваленыя? Меркаванне аднаго з іх у кнізе "Берлінская сцяна" прыводзіць нямецкі гісторык Ханс-Херман Хертле.
— Маё меркаванне з гэтай нагоды яснае і нязменнае. Гандаль людзьмі паміж дзвюма нямецкімі дзяржавамі сам па сабе быў заганны. Наменклатура ГДР атрымала велізарную крыніцу даходу і магчымасць купацца ў раскошы. Яны шпіёнілі, выносілі прысуды і прадавалі грамадзян ненавіснай дзяржаве за мільярды ўсходніх марак.
Але любы, хто калі-небудзь зазіраў у турмы ГДР, хто знаёміўся з іх агіднымі метадамі катаванняў, з іх грэбаваннем усімі правамі чалавека, мог зрабіць толькі адну выснову: дзякуй Богу, што была магчымасць выкупу. Адзіным, што ўтрымлівала многіх ад самагубства, была ўпэўненасць, што аднойчы і яны змогуць здабыць такім шляхам жаданую свабоду.
Але мы заплацілі значна больш высокую цану за свабоду – падвойнай залежнасцю.
Фрыдман: “Хто дасьць гэтыя грошы беларускім дэмсілам? І што будзе рабіць рэжым з гэтымі мільёнамі?”
ГДР — не адзіная краіна, якая была гатовая прадаваць палітвязняў і іншых сваіх грамадзян, кажа Фрыдман. Напрыклад, калі рэжым Чаўшэску меў патрэбу ў рэсурсах для сваіх эканамічных праграм, ён зарабляў грошы на румынскіх габрэях і немцах. Ізраіль, ЗША і ФРГ гатовыя былі плаціць Румыніі за тое, каб людзі атрымалі права на ад'езд. Кошт чалавека, які выязджаў, залежаў ад яго кваліфікацыі, і гэта зусім не абавязкова былі палітычна рэпрэсаваныя людзі.
Ізраіль таксама гатовы на любыя перамовы, гатовы выпускаць з турмаў тысячы палестынцаў, калі гэта дапаможа выратаваць ізраільскага салдата. Тут, праўда, трэба падкрэсліць, што "палітычнымі" іх лічаць палестынцы, а для Ізраіля яны — злачынцы і тэрарысты.
— Таму што гэта наш салдат, і мы яго павінны вярнуць. Для нас галоўнае — яго здароўе і бяспека, — тлумачыць Фрыдман. — Такая ізраільская логіка. Ці этычна пагаджацца на такія здзелкі? Давайце возьмем канкрэтную сітуацыю: Марыя Калеснікава, мужны чалавек, які ахвяраваў сваёй свабодай, у канцы мінулага года трапляе ў рэанімацыю. Мы разумеем, што такія рэчы для арганізма бясследна не праходзяць. І калі мы бачым яе фота ў рэанімацыі, можам сказаць: прынцыпы прынцыпамі, але давайце выратуем Калеснікаву. Заплацім рэжыму грошы, але выратуем чалавека.
Іншае пытанне — хто дасць гэтыя грошы беларускім дэмсілам? І што будзе рабіць рэжым з гэтымі мільёнамі? На што ён іх выкарыстае? На далейшыя карныя акцыі, рэпрэсіі? Часта ў развагах пра выкуп падкрэсліваецца гуманітарная кампанента, а кантэкст выносіцца за дужкі.
Хто будзе гаварыць з Лукашэнкам? Хто будзе той стараной, якая будзе выкупляць? Ціханоўская? Я думаю, што ў яе няма на гэта сродкаў. Так, ёсць грошы на фінансаванне ўрада і кабінета, але фінансавымі патокамі, неабходнымі на выкуп палітвязняў, яна, як мне здаецца, не валодае.
Пэўныя рэсурсы адшукаць можна, але мне падаецца малаверагодным, што міжнародныя фонды стануць падтрымліваць гэта ў вялікім аб'ёме. У любога замежнага спонсара паўстане пытанне ў сувязі з маральнай кампанентай: так, я выкупіў чалавека, але ж я спансую злачынны рэжым. Супярэчліва.
Уся дыскусія на гэтую тэму мне здаецца трохі адарванай ад рэальнасці. Але я разумею, што яе вядуць людзі, якім баліць, у многіх з якіх за кратамі знаходзяцца родныя.
Хто палітвязень “першага гатунку”?
— Да таго ж, мы непазбежна сутыкнемся з пытаннем, хто ў нас палітвязень вышэйшага гатунку, а хто — другога? Чаму гэтую персону выкупляюць, а тую — не?
Той, хто пагадзіўся б займацца такога роду акцыямі, зацікаўлены ў тым, каб яго імя гучала голасна. Паглядзіце на гісторыю з расійска-ўкраінскімі абменамі палоннымі — і ролю ў іх Рамана Абрамовіча. Яму важна падкрэсліць, што зрабіў для гэтага менавіта ён.
Тое ж самае з міжнароднымі арганізацыямі, якія пагадзіліся б удзельнічаць у такіх выкупах. Ім было б важна, каб на волі аказваліся выбітныя людзі. Тыя, пра каго потым напішуць у газетах, побач з якімі будзе фігураваць імя арганізацыі.
А гэта значыць, што мы немінуча прыйдзем да іерархізацыі палітвязняў. "Пра гэтага могуць напісаць журналісты, мы яго выкупім, а гэтага ніхто не ведае — яго не будзем кранаць".
Дзе ўзяць на гэта грошы?
— І пазіцыя тых, хто лічыць, што краіны Захаду могуць проста пераадрасаваць грошы, якімі падтрымліваюць офіс Ціханоўскай, на выкуп палітвязняў, мне ўяўляецца залішне ідэалізаванай.
Людзі, якія так думаюць, трошкі пераацэньваюць заходнія краіны. Сапраўды, яны дэкларуюць вернасць правам чалавека, свабодам, дэмакратыі і ў сваёй палітыцы ў значнай ступені кіруюцца гэтымі каштоўнасцямі. Але ў іх ёсць уласныя інтарэсы, і выкуп беларускіх палітвязняў не з'яўляецца прыярытэтам еўрапейскай палітыкі.
А Лукашэнка наогул гатовы “гандляваць людзьмі”?
— Многае з таго, што мы ведаем пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі, кажа пра тое, што ментальна ён даволі блізкі да кіраўнікоў ГДР.
І на працягу ўсёй сваёй палітычнай кар'еры кожны раз, калі яму было патрэбна палепшыць адносіны з Захадам, ён выпускаў людзей. Бывалі нават часы “адлігі”, калі ў Беларусі амаль не было палітвязняў.
Лукашэнка выяўляў у гэтым сэнсе гнуткасць, і пасля 2020 года ён таксама яе выяўляў. Вызвалілі грамадзяніна ЗША Віталя Шклярава, вызвалілі грамадзянку Беларусі і Швейцарыі Наталлю Хершэ. Мы не ведаем, што адбывалася за кулісамі, і не факт, што за іх наогул былі заплочаныя нейкія грошы.
Чалавек, за якога маглі б заступіцца на сусветным узроўні — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Але ці захацеў бы ён гэтага?
Так, многія былі б не супраць, каб іх выкупілі. Але ці ўсе? Памылкова так думаць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.