З’явіўся сайт з узорамі савецкага манументальнага мастацтва Беларусі

Сграфіта на мінскай школе №189

Сграфіта на мінскай школе №189 / monumental.by

Беларускія энтузіясты стварылі сайт monumental.by, які прысвечаны савецкаму манументальнаму мастацтву Беларусі. На праект звярнуў увагу тэлеграм-канал “Спадчына”.

Сайт дазваляе захаваць і сістэматызаваць узоры савецкіх вітражоў, мазаік, сграфіта, якія ўпрыгожваюць фасады і інтэр'еры будынкаў па ўсёй Беларусі. Зараз на платформе ўжо сабрана 336 аб’ектаў з розных рэгіёнаў краіны.

З’явіўся сайт з узорамі савецкага манументальнага мастацтва Беларусі
Мазаіка на кінатэатры "Салют" у Серабранцы / monumental.by

Па словах аўтараў праекта, сайт будзе пастаянна развівацца. Карта будзе дапаўняцца новымі тэкстамі і фатаграфіямі, а ў перспектыве пляцоўка ператворыцца ў паўнавартасны інфармацыйны рэсурс з інтэрв’ю, архіўнымі матэрыяламі і падрабязнымі апісаннямі.

На дадзены момант карыстальнікі могуць абіраць розныя параметры для пошуку аб’ектаў: "стан", "даступнасць", "тэхніка выканання" ці "асноўныя працы" і шмат іншых. Таксама рыхтуюцца маршруты для вандровак, што дазволіць лепш вывучыць манументальнае мастацтва Беларусі.

Таксама можна пабачыць страчаныя аб’екты. Напрыклад, на сайце можна знайсці звесткі і фота мазаікі са знесенага аўтавакзала "Маскоўскі" ў Мінску. Зараз на гэтым месцы будуецца хмарачос Газпрома.

Як дапамагчы праекту?

Аўтары сайта заклікаюць дасылаць фотаздымкі і звесткі пра аб’екты на пошту [email protected] або праз старонку праекта ў Facebook.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі