Мазаікі Кішчанкі разбураюцца ў Пінску: хто адказвае за рэстаўрацыю?
Хто адказвае за рэстаўрацыю?
Мазаікі, якія ўпрыгожваюць фасад дзіцячага садка №43 у Пінску, разбураюцца проста на вачах гараджан. Праца вядомых беларускіх мастакоў Аляксандра Кішчанкі і Наталлі Рачкоўскай нагадвае знакамітыя мінскія мазаікі на "Усходзе".
З часам мазаікі пачалі разбурацца, але, відаць, нікому не цікава займацца іх рэканструкцыяй. Еўрарадыё паразмаўляла з уладамі пра тое, ці ў курсе яны, што ў Пінску руйнуецца твор мастацтва, і хто наогул мусіць адказваць за рэстаўрацыю.
“А як мы можам паўплываць?”
Перш за ўсё пад выглядам занепакоенага гараджаніна журналіст Еўрарадыё звязаўся з аддзелам архітэктуры пінскага гарвыканкама, адкуль нас адразу перанакіравалі ў іншы аддзел.
— Вы ведаеце, куды вы тэлефануеце? Вы патэлефанавалі ў аддзел архітэктуры, а вам трэба звяртацца ў аддзел адукацыі — менавіта яны павінны быць ініцыятарамі. Можаце пісьмова звяртацца.
Добра, тэлефануем ва ўпраўленне па адукацыі, але і там ніякай канкрэтыкі не чуем.
— Глядзіце, зараз усе дзіцячыя сады — юрыдычныя асобы, гэта значыць, самі прымаюць рашэнне. Гэтае пытанне вам трэба задаваць загадчыцы дзіцячага сада, гэта яна павінна звязвацца з упраўленнем архітэктуры. Усе пытанні да кіраўніка.
— То-бок вы ніяк не можаце паўплываць на сітуацыю?
— Ну, не ведаю, выйдзе наш начальнік з адпачынку, і тады можаце з ёй пагаварыць. А як мы можам паўплываць? Гэта гаспадарчыя, гэта ж не гарадскія [будынкі — Еўрарадыё]. Ва ўстановы ёсць кіраўніца, гэта яна ўсё павінна рабіць.
“На жаль, вось так”
Па накіраванні аддзела адукацыі звязваемся з кіраўніцтвам садка. Загадчыца паведамляе, што на рэстаўрацыю мазаікі проста няма грошай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.