“Суд мёртвых” — з'явіўся фільм жахаў пра Беларусь
Акторка Зоя Белахвосцік на здымачнай пляцоўцы
Беларускі суд ужо чатыры гады як нагадвае суцэльны фарс, дзе верхавенства закона цалкам забытае, а рашэнні падпарадкаваныя палітычным патрэбам уладаў. Ці можа сітуацыя выглядаць яшчэ горш? Можа, лічаць аўтары фільма “Суд мёртвых”, які ў гэтыя выходныя быў зняты ў Варшаве.
Еўрарадыё расказвае, што вядома пра праект, яго стваральнікаў і іх планы на далейшую вытворчасць.
Мёртвыя паўстануць
Калі вы гледзіце беларускі ютуб, то напэўна ведаеце пра сатырычны канал “ЧынЧынЧэнэл” і серыял тэлеканала “Белсат” “Працэсы”. Яго стваральнікі спрабуюць з дапамогай гумару і фантазіі разважаць пра сур’ёзныя рэчы — траўматычную рэчаіснасць сучаснай Беларусі.
Крэатыўнае ядро праекта — рэжысёр Андрэй Кашперскі і актор, сцэнарыст, “вольны купалавец” Міхась Зуй, якія гэтым разам вырашылі расказаць гісторыю пра судовую сістэму краіны.
“Калі мы знялі “Працэсы”, то зразумелі, што нам патрэбны працяг, — расказвае Еўрарадыё Андрэй Кашперскі. — І напісалі з Мішам яшчэ восем гісторый для другога сезона. Але потым я зразумеў, што хачу зняць поўнаметражны фільм. У фармаце праектаў YouTube і тэлесерыялаў мне цесна, таму я шукаў тэмы [для такога праекта]”.
У выніку хлопцы вырашылі развіваць “юрыдычны” cюжэт.
“Мне трапіўся на вочы закон, які прынялі ў Беларусі ў 2023 года. Паводле яго можна судзіць мёртвых за розныя злачынствы: ад генацыду да міжнароднага тэрарызму. Мне падалося пацешным, што цяпер у Беларусі судзяць мёртвых. Гэта была ідэальная тэма <...> для поўнага метра. І так склалася, што, распрацоўваючы гэтую ідэю, я адразу прыдумаў вобраз галоўнай гераіні — жанчыны-суддзі”.
Яе ў стужцы сыграе былая актрыса Купалаўскага тэатра Зоя Белахвосцік, якая раней здымалася ў адным з эпізодаў серыяла “Працэсы”. Вось толькі карае яна не ваенных злачынцаў ці тэрарыстаў, а простых людзей, якім не падабаецца Лукашэнка.
“[Яна] судзіць мёртвых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах пачынаючы з 1996-га і заканчваючы 2020-м. Мэта ясная — адабраць іх былую нерухомасць і перадаць на карысць дзяржаве. І ўсё ідзе нібы гладка, але нечакана памерлыя пачынаюць ажываць”.
Андрэй кажа, што гэта будзе кароткаметражны фільм да 15 хвілін у жанры іранічнага хорару, а не камедыі, на якой спецыялізуецца “ЧынЧынЧэнэл”.
“Тэма палітычных судоў над мёртвымі гучыць досыць смешна і абсурдна. Гэта трошкі пераходзіць грань абсурду, у якім цяпер жывуць беларусы. Тут беларускія законы атрымліваюць містычнае ўвасабленне. І <…> ад гэтага становіцца пацешна, а часам і жудасна. <…> Так што мы хутчэй не смяёмся з гэтага, але [пэўная] іронія усё ж застанецца”.
Планы на поўнаметражны фільм
Для незалежных кінавытворцаў крытычны момант — пошук фінансавання. Аўтары “Суда мёртвых” здолелі знайсці грошы на свой праект у сумленнай канкурэнцыі — яны атрымалі грашовую падтрымку ад Belarusian Content Lab, які фінансуе айчынныя медыяпраекты.
“У межах гэтага праекта мы мусілі напісаць поўнаметражны сцэнар, падрыхтаваць прэзентацыю і зняць тызер або сцэну будучага поўнаметражнага фільма, — тлумачыць Андрэй Кашперскі. — Але я вырашыў, што трэба зняць менавіта кароткаметражны фільм, бо ён зможа лепш адлюстраваць маё бачанне і візуальнае рашэнне праекта, жыць уласным жыццём”.
З дапамогай кароткаметржнай працы аўтары плануюць знайсці грошы на ўвасабленне “Суда мёртвых” у поўнаметражным фармаце.
“Па сутнасці, гэта тая ж схема, паводле якой, напрыклад, быў зняты знакаміты фільм жахаў “Піла”, які ператварыўся ў сапраўдную франшызу. Такім самым чынам зняў свой першы хорар “Мама” Андрэс Мускеці, які цяпер працуе ў Галівудзе. Альбо з больш вядомых прыкладаў — “Апантанасць” Дэм’ена Шазэла, які атрымаў “Оскар”. Ён таксама пачынаў з малой формы”.
Стваральнікі ўжо дамовіліся з некалькімі фестывалямі, у прыватнасці, у ЗША, пра паказ свайго хорару ў конкурснай праграме.
“Спадзяёмся, што гэта дапаможа знайсці там грошы на рэалізацыю”, — кажа Андрэй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.