Як будынак для музея аддалі Следчаму камітэту: гісторыя спрэчнага рашэння

Латушка запэўнівае, што спрабаваў адваяваць будынак і нават уступіў у спрэчку з Лукашэнкам.

Латушка запэўнівае, што спрабаваў адваяваць будынак і нават уступіў у спрэчку з Лукашэнкам. / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Будынак, дзе цяпер размяшчаецца Следчы камітэт, мог быць Нацыянальным гістарычным музеем. Пераезд у асабняк на вуліцы Фрунзэ недалёка ад Парку Горкага музей планаваў больш за 10 гадоў таму. Але ў апошні момант комплекс аддалі толькі-толькі заснаванаму ў Беларусі Следчаму камітэту.

Днямі пра гэта даведаўся беларус Дзяніс (імя змененае), які пабываў у СК на допыце. 

— Пару гадоў таму мне давялося некалькі разоў бываць у будынку Следчага камітэта на допытах. Яшчэ тады мне падумалася, што гэты комплекс больш падыходзіць для нейкага тэатра ці музея: прыгожы звонку, размешчаны ў добрым раёне, побач парк.

Але ў гэтых прыгожых будынках людзі займаюцца тым, што спыняюць час. Наш час, час майго пакалення, якое магло б выхоўваць дзяцей у прыгажосці.

Я тады сядзеў на допыце і не ведаў, што тут мог бы быць музей. Але мяне не пакідала думка, што ўсё, што адбываецца — гэта проста спроба спыніць час для аднаго чалавека. І сапраўды, у музеях час спыняецца!

Мяне не дапытвалі нейкія пачвары, хаця і былі гульні ў добрага і дрэннага паліцэйскага, гучалі намёкі і дрэнна схаваныя пагрозы. Але мне падаецца, што, па меншай меры, добры коп з большым задавальненнем прайшоўся б па гэтым будынку як наведвальнік музея, а не як следчы — распавядае Дзяніс. 

Асабняк аддалі следчым у студзені 2012 года. Міністрам культуры тады быў цяперашні кіраўнік НАУ Павел Латушка. Мы спыталі ў экс-міністра, чаму яму не ўдалося адстаяць права музея размясціцца ў старадаўнім асабняку:

Пасля таго, як з'явілася пагроза перадачы будынка на адрас Следчага камітэта, мной як міністрам культуры былі ініцыяваныя шэраг зваротаў у адміністрацыю Лукашэнкі. У выніку на аб'ект выязджаў тагачасны дзяржсакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў, якога я азнаёміў з наяўнай сітуацыяй і настойваў на тым, што недапушчальна перадаць гэты аб'ект Следчаму камітэту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі