Важныя парады чыноўнікам ад культуры: як трэба будаваць новы Гістарычны музей
Гэта ўжо трэцяя спроба перавезці музей на новае месца
Беларускаму Нацыянальнаму гістарычнаму музею паабяцалі новы будынак. Зноў.
З новага: будынак з’явіцца на месцы закрытага ўжо парка “Дрымлэнд” і будзе нагадваць формай контур Беларусі на карце. Са старога: пачынаючы працу над праектам, ніхто не спытаў у супрацоўнікаў, які ўвогуле будынак ім патрэбны.
Былая супрацоўніца музея Аксана (імя змененае) кажа, што калектыў даведаўся пра свой магчымы пераезд літаральна з навінаў.
“Упэўненая, што ўсё будзе выглядаць гэтаксама, як і ў мінулыя разы: вось вам прыгожы малюнак, зрабіце з гэтым што-небудзь. Так было ўвесь час, але цяпер гэтая жахлівая некампетэнтнасць проста расквітнела. Я была адданая сваёй працы ў музеі, таму мне цяжка бачыць, што робіцца з ім цяпер”, — кажа нашая суразмоўніца.
Аксана расказала Еўрарадыё, як музей шмат гадоў намагаўся пераехаць з будынка на Карла Маркса і чаму дагэтуль не змог гэта зрабіць.
Першая спроба: будынак аддалі следчым
Нацыянальны гістарычны музей месціцца ў будынку на вуліцы Карла Маркса ў Мінску. Але ў музея, напрыклад, няма ўласнага фондавага памяшкання і цяпер паўмільёна прадметаў з яго фондаў раскіданыя па ўсім горадзе.
Відавочна, новы будынак яму патрэбны, і новы будынак яму ўжо шмат разоў абяцалі — і не выконвалі абяцання.
Першая гучная гісторыя няўдалага пераезду адбылася ў 2012 годзе. Тады будынак ля парку Горкага на вуліцы Фрунзэ, які планавалі аддаць музею, забраў сабе Следчы камітэт.
— Той будынак музей рамантаваў за свае грошы. Мы ўжо планавалі, як будзем рабіць там экспазіцыю, нават завезлі частку абсталявання — але яго проста адабралі. Экспазіцыя музея засталася на Карла Маркса.
А фонды? Спачатку яны захоўваліся ў старым будынку музея Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы. Калі музею аддалі будынак на Фрунзэ, іх часткова вывезлі туды. А калі будынак забралі пад Следчы камітэт, фонды адтуль давялося перавозіць на іншыя арэндныя плошчы.
— Усё трэба было рабіць хутка, пад прэсінгам часу і ў вельмі стрэсавых умовах. Першапачаткова гаворка ішла пра тое, што ў новым будынку будзе толькі экспазіцыя. Нашым супрацоўнікам далі планы будынку, каб яны заняліся праектаваннем. Было патрачана шмат часу, каб зрабіць праект экспазіцыі: пачынаючы з падбору музейных прадметаў і заканчваючы выбарам мэблі і спецыфікацыі цвікоў, якія будуць забітыя ў сцены.
Калі б усё пайшло па плане, музей бы ўжо два гады працаваў у новым будынку. Яго планавалі завяршыць да 2022 года.
— Але праект раптам згарнулі і паслалі ў архіў. Высветлілася, нібыта на тэрыторыі, дзе планавалася будаўніцтва, пракладзеныя нейкія камунікацыі. Чаму гэта не высветлілася адразу, мы не ведалі. Мы працавалі больш за год, і нашую працу склалі ў сметніцу.
І вось пасля гэтых дзвюх няўдалых спробаў перавезці музей з’яўляецца новы праект.
Трэцяя спроба. А як трэба зрабіць? Інструкцыя для чыноўнікаў
— Я разумею, з чым людзі сутыкнуцца, каб рэалізаваць гэты праект. Якімі тэмпамі будзе ісці праца. Супрацоўнікаў музея зноў будуць прымушаць працаваць у стылі “яшчэ ўчора гэта мусіла легчы на стол нейкаму начальніку”. І мне вельмі сумна праз гэта, — кажа Аксана.
Мы папрасілі яе скласці інструкцыю, якой варта было б скарыстацца чыноўнікам, каб новая спроба стала нарэшце паспяховай.
Крок 1. Спытаць у супрацоўнікаў музея, які будынак ім патрэбны
Для музея важнае ўсё: лакацыя, памер будынка, з якіх матэрыялаў ён будзе пабудаваны, як будзе занаванае памяшканне знутры, якой будзе таўшчыня сцен, як будзе пакладзеная праводка, якімі будуць вокны, колькі іх будзе і якімі будуць меры бяспекі на іх і г.д. Усе гэтыя характарыстыкі падрабязна прапісаныя ў існуючых музейных інструкцыях.
— Спытайце ў супрацоўнікаў музея, што ім патрэбна і чаго ім хочацца. Якая плошча, якое абсталяванне? Спытайце, ці не варта адправіць іх на стажыроўку ў суседнюю краіну, дзе такія праекты ўжо былі паспяхова рэалізаваныя. А калі ўжо дайшла справа да праекта, дык мусіць ісці пастаянная супраца архітэктара з музейнымі супрацоўнікамі, — кажа Аксана.
Крок 2. Даць супрацоўнікам музея дастаткова часу
Музейшчыкам зноў давядзецца не толькі думаць над канцэпцыяй экспазіцыі, але нават выбіраць мэблю для ўнутраных памяшканняў. “Сціслыя тэрміны” тут не падыдуць, бо музей цяпер працуе ва ўмовах вялікага дэфіцыту кадраў.
Нашая суразмоўніца кажа, што гучных звальненняў у інстытуцыі не было — людзей адпраўлялі на вуліцу ціха. Не падаўжалі кантракты альбо выклікалі “на размову”, пасля якой супрацоўнікі часам проста пісалі заяву на звальненне.
У выніку аддзелы музея недаўкамплектаваныя. Праца над праектам новага музея ляжа на маладых спецыялістаў, якія толькі-толькі прыйшлі на працу па размеркаванні і не ведаюць усіх нюансаў музейнай справы.
Крок 3. Паклапаціцца не толькі пра экспазіцыю, але і пра фонды
Калі размова ідзе пра музейны будынак, трэба памятаць не толькі пра звычайныя меры бяспекі — сігналізацыю і ахову, недаступнасць будынку для пабочных людзей. Музейныя экспанаты патрабуюць бяспекі і ад знешніх умоў. Напрыклад, нават колькасць вокнаў у будынку павінна быць улічана, бо сонечныя прамяні вельмі дрэнна ўздзейнічаюць на прадметы і звычайна ў музеі мусіць быць толькі штучнае асвятленне. Гэта трэба ўлічваць пры планаванні не толькі эскпазіцыйных залаў, але і фондаў, дзе захоўваецца абсалютная большасць музейных калекцый. Менавіта праз гэта на фонды трэба звяртаць не менш, а нават больш увагі.
Звычайна фондавы будынак знаходзіцца недалёка ад месца, дзе месціцца экспазіцыя. А многія музеі абіраюць для размяшчэння фондаў той самы будынак, у якім выстаўляецца экспазіцыя. Прычына відавочная: прадметы з фондаў трэба транспартаваць, а гэта заўсёды нясе рызыку для іх захаванасці і дадатковыя выдаткі з бюджэту. Да таго ж адзіны музейны комплекс будзе значна спрашчаць камунікацыю паміж аддзеламі і станоўча ўплываць на агульную працу музея.
Сёння не толькі Гістарычны музей, але і музей Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца ў сітуацыі, калі фондавых памяшканняў няма.
— Яшчэ калі музей ВАВ месціўся ў сваім мінулым будынку, існаваў праект асобнага дэпазітарыя для абодвух музеяў. Але ён так і не быў рэалізаваны. У выніку музей ВАВ прыстасаваў частку сваіх экспазіцыйных плошчаў пад захоўванне прадметаў. То-бок музей быў вымушаны выкручвацца з тых умоваў, у якія іх паставілі чыноўнікі, — кажа нам Аксана.
На яе думку, такое стаўленне да фондаў магло стаць вынікам неразумення Мінкультам функцыі музея.
— Для Мінкульта музей — гэта ўстанова, якая павінна працаваць і зарабляць грошы. Іх турбуе толькі тое, што бачна ў прэсе: напрыклад, выставы. Але іх ніколі не цікавіла сама сутнасць музейнай працы – адкуль бяруцца экспанаты для выстаў, дзе і як яны захоўваюцца і навошта гэта ўсё ўвогуле патрэбна. Яны не разумеюць, што экспазіцыя - гэта толькі самая вяршыня айсберга пад назвай “музей”, а ўсё самае складанае і важнае знаходзіцца не навідавоку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.