Генпракуратура распавяла, якія палёгкі рыхтуе па эканамічных злачынствах
У заканадаўства, якое датычыць эканамічных злачынстваў, плануецца ўнесці ліберальныя змены. Гэта абмяркоўвалася на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Супрацьдзеянне ілжэпрадпрымальніцтву і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці", якая прайшла ў верасні 2017 года. Пра меркаваныя змены паведамляе часопіс Генпракуратуры "Законность и правопорядок" №4 за 2017 год.
У прыватнасці, мяркуецца павысіць памеры буйнога і асабліва буйнога памеру шкоды, якія з'яўляюцца падставай для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Аляксандр Канюк. "Буйны памер" прапануецца павысіць у чатыры разы (з 250 да 1000 базавых велічыняў), а "асабліва буйны" — удвая (з 1000 да 2000 базавых).
Сённяшнія памеры буйной і асабліва буйной шкоды складаюць каля 3 тысяч долараў і 11,7 тысяч долараў у эквіваленце. "Пры ажыццяўленні фінансава-гаспадарчай дзейнасці буйны ці асабліва буйны памер шкоды можа быць дасягнуты нават у рамках адной здзелкі, якая згодна з гаспадарчым заканадаўствам не з'яўляецца буйной для прадпрыемства", — удакладняе супрацоўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Аляксандр Сасноўскі.
Таксама плануецца знізіць максімальны тэрміны пазбаўлення волі па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса: "Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі" (ч.2 арт.210), "Крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі" (ч.4 арт.212), "Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць" (ч.1 арт.233), "Наўмысная эканамічная неплацежаздольнасць (банкруцтва)" (ч.1 арт.240), "Незаконныя дзеянні з простымі і пераводнымі вэксалямі" (ч.2 арт.226), "Незаконныя выраб, выкарыстанне ці збыт дзяржаўных прабірных клеймаў" (ч.1 арт.258).
Таксама плануецца максімальна выключыць са складу злачынстваў ацэначныя (суб'ектыўныя) катэгорыі кшталту "іншая залежнасць", "іншыя цяжкія наступствы", "істотная шкода", "іншая асабістая зацікаўленасць" і г.д.