У МНС расказалі пра свае прэтэнзіі да прыватных пансіянатаў

Прыватныя пансіянаты абавязалі мець ліцэнзію, ілюстрацыйнае фота

Прыватныя пансіянаты абавязалі мець ліцэнзію, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Большасць прыватных пансіянатаў размяшчаюцца ў прыватных аднакватэрных дамах. Такія дамы першапачаткова не былі прыстасаваныя для размяшчэння пажылых або нетранспартабельных людзей, піша БЕЛТА са спасылкай на чыноўніка МНС Дзмітрыя Турчына.

З 1 кастрычніка прыватныя пансіянаты абавязалі мець ліцэнзію. Для яе атрымання трэба прайсці ў тым ліку праверку МНС. З гэтай праверкай у многіх узніклі цяжкасці. Паводле Турчына, з 50 прыватных пансіянатаў, якія размяшчаліся ў аднакватэрных жылых дамах, заяву ў МНС напісалі кіраўнікі толькі 30. Яны, паводле слоў чыноўніка, маюць намер "давесці справу да канца, ліквідаваўшы ўсе недахопы, і атрымаць ліцэнзію". Астатнія, мяркуе ён, прынялі рашэнне спыніць дзейнасць.

Турчын распавёў, што з боку яго ведамства асноўнымі прэтэнзіямі да прыватных пансіянатаў былі: адсутнасць пажарнай сігналізацыі і сістэмы абвяшчэння людзей; адсутнасць у патрэбнай колькасці эвакуацыйных шляхоў і выхадаў. Былі пытанні да шырыні дзвярных праёмаў і аддзелкі дамоў. У кіраўніцтва пансіянатаў пыталіся пра "характарыстыкі" матэрыялаў для аддзелкі, а яны не маглі адказаць.  

"Яшчэ з распаўсюджаных парушэнняў — эксплуатацыя непрыдатных прыбораў. Тут і пячное ацяпленне, якое непрымальна, і катлы без належнай дакументацыі", — дадаў Турчын. Ён таксама паскардзіўся, што знайсці прыватныя пансіянаты для яго супрацоўнікаў аказалася няпростай справай. "Яны размяшчаюцца ў жылым сектары, шыльдаў у іх няма. Звесткі пра іх з'яўляюцца выпадкова. Таму некаторыя з прыватных пансіянатаў, атрымаўшы ад МНС прадпісанні, проста з'язджалі са свайго месца. У далейшым яны знаходзілі ў іншым раёне аналагічны дом, дзе таксама не было бяспечных умоў", — заявіў Турчын. Але гэтыя ўстановы зноў знаходзілі і праз суд закрывалі. "Гэта не адзінкавыя выпадкі, іх дзясяткі", — дадаў чыноўнік.

З закрыццём прыватных пансіянатаў без дапамогі рызыкуе застацца вялікае колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў апецы. У Міністэрстве працы прапаноўвалі шукаць месцы ў дзяржаўных установах, але там папярэджваюць: з вольнымі месцамі праблемы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі